Читать «Нямко» онлайн - страница 47

Алесь Адамовіч

I што стане з Палінай, з хлопчыкам: нямецкая подсьцілка! Нямецкі байструк! Мала што немцы зьнявечылі дзеўку, цяпер гэтыя будуць зьдзекавацца. Аб сабе самім Кучэра, здавалася, ужо ня дужа непакоіўся. Бярыце, жарыце з усім дзярмом, калі вы ніяк не нажарацеся! Калі ўсё жыцьцё дабіраецеся, супынку на вас няма!

Зноўку беднаму Францу начлег сталі ладаваць асобна, хацелі нават у лесе, а затым прыстасавалі дзеля гэтага незгарэлы хлевушок на чужой сялібе — гэта называлася: пайшоў Франц у прымы! Паліна яго праводзіла ды і заставалася зь ім часам. А хлопчык спаў зь дзедам. Тлумачэньне для іх Кучэра прыдумаў такое: усюды шнараць, адлоўліваюць паліцэйскіх, дэзэртыраў, могуць і сюды набрысьці. I яшчэ адну рэч прадугледзеў Кучэра: так расплянаваць пакоі і каморкі ў новай хаце, каб у Франца была свая хованка. Не звыкаць гэта рабіць: навучылі фашысты, а яшчэ раней — і свае.

Кучэру час ад часу наведваў ягоны партызанскі сябрук — заўсёды ружовы, заўсёды вясёлы і шумны Каля да Віктар. Працаваў ён недзе ў леспрамгасе, няблізка, а тут вучылася дачка ў тэхнікуме: прывозіў ёй бульбу, рыбу, называючы гэта «дзяржпастаўкай». I штораз заверне ў былыя Петухі, і абавязкова з сваім «гаручым». Не расказвайце мне казкі, што зяць ня п’е! Ня п’юць або скнары, або хворыя. Ты што хочаш, Кучэра, каб пра зяця твайго такая пагалоска пайшла? А што нямко, дык ён у нас адразу разгаворыцца ад «палескай бранябойнай».

Усю тайну Кучэра нават сябру ня выдаў, хаця на ўсякі выпадак загаворваў зь ім, што, маўляў, калі што, памажы маладым. Хаця б перабрацца ў твой леспрамгас, калі там і праўда так вольна вам жывецца. А што што? Нічога такога. Але ўсе пад Богам ходзім. I пад НКВД. Пра даваеннае Каляда ловіць з паўслова. У партызанах абмяркоўвалі амаль адкрыта. I нават цяпер артачыцца Віктар Каляда: нас, партызанаў, лепш не чапайце, мы і фашыстаў не збаяліся! Фашыстаў — так, але гэтыя дастануць цябе гэтак, што забудзеш, хто і што ты.

Пагрозіцца, пабалакае Каляда і як бы весялей жыць.

— Добра табе, Паліна, ты свайму мужыку што ні кажы, а ён у адказ маўчок. Вось бы маёй такое шчасьце. Ці мне. У маім доме ніхто ня змоўчыць. Гэта як каму пашэнціць. Вось гэтыя два пальцы, якая мне карысьць ад такой рукі (на правай у яго толькі два пальцы засталося), а вось Чэрчылю б такую: вікторыя! Перамога!

Дарэчы, калі паў Бэрлін і нават да Петухоў даляцела: Перамога! — вырашылі адзначыць. Якраз і ўлазіны пасьпелі. «Дом як звон!» — любы сказаў бы. Але ня кожнаму дадзена даведацца, што дом гэты з сакрэтам. Франц, выявілася, прыроджаны майстар па дрэве. Кучэра крыху скіраваў, а далей ужо сам за ім ледзьве пасьпяваў. Францава прыдумка: дзьверы ў сакрэтную камору-прасьценак зрабіць у выглядзе жалюзі. Дошчачка за дошчачку заходзіць, узьняў, апусьціў — і ты ў прасьценку, як у пэнале, усіх чуеш, а цябе ня бачаць.

Дом яшчэ пуставаты, але стол ёсьць, лаўкі ўздоўж сьцен, ложак, нават шафа. Есьць на што сесьці, за што сесьці. А тым больш — вайне канец. Тут і без падганяньня Каляды вып’еш. Калі ёсьць што. Знайшлося. Паліна першая ўзьняла сваю кропельку ў шклянцы: