Читать «Нямко» онлайн - страница 46

Алесь Адамовіч

Прыбіўся да іх сабака, спачатку напужаў Паліну: воўк! Вушы тырчма, морда рыжая, амаль сівая — Паліна адразу прыгадала таго, што з мосту на яе глядзеў: ці ня ён? Сабака-«воўк» круціўся воддаль: ляжа пад кустом і глядзіць. А то раптам прабяжыць, ну зусім поруч, зазіраючы людзям у вочы. Яшчэ ўкрадзе хлопчыка! — пужалася Паліна. Хаця б яго адагналі мужчыны! А аднойчы, калі абедалі, падышоў нерашуча на адлегласьць рукі і, скавычучы, лёг ля старога Кучэры.

— Ну і правільна, — спакойна сказаў стары, — куды табе безь людзей? Гэта ж ён просіцца назад да нас. Бачыш, і сабака ня хоча быць воўкам. Як цябе будзем клікаць? Усё-ткі: Воўк. Добра? Ну мы гэта знарок. Мы ж ведаем, хто ты. А дрэнныя людзі няхай думаюць.

Так і прыжыўся воўкападобны сабака. Але Паліна не адразу паверыла ў яго сабачую пароду. Затое Паўлік з Воўкам пасябравалі імгненна. Вялізарны сабака як бы з павагі да пачуцьцяў маці стараніўся яго, але больш дзеля выгляду. Глядзіць пры гэтым на жанчыну: «Бачыш, гэта ён сам, я тут ні пры чым!»

Стары Кучэра і Франц ужо канчалі ставіць дом.

— Не, вы, немцы, што ваяваць, што будаваць, — майстры! — зьнізу казаў Кучэра падаючы кроквіну. — Як жа вы з гэтым Гітлерам лажануліся? Хаця хіба вы адны?

Бацька часта езьдзіў у раённы цэнтар — па цьвікі, інвалідны паёк забраць, прывозіў газэты. Выходзіў на шлях, гэта вярсты са тры ад Петухоў, там лавіў папутку. Вяртаўся часам і вясёлы. У «раёне» ў яго сябры-партызаны, многія начальнікамі парабіліся.

А аднойчы вярнуўся такі падаўлены і ўстрывожаны, што Паліна адразу заўважыла, спалохалася: што, што-небудзь з Францам?..

— Ды жыў будзе твой Франц. Проста стаміўся я.

Не схацеў расказаць дачцэ. Што з таго, калі і яна будзе нэрвавацца? А здарылася вось што. Ля гасмагу сустрэў яго ваенком, аднарукі капітан: зайдзі, мэдаль табе ўручым! Партызанскі. Ня кожны дзень былому зэку мэдалі выдаюць — выкраіў час і забег у дом зь цёмна-чырврнай цэглы. А капітан павёў сябе нейк непуцёва. Сказаў пагуляць яшчэ з гадзіну, ён, маўляў, заняты, ня можа адарвацца ад іншых справаў. А калі паўторна прыйшоў Кучэра, там сядзеў яшчэ адзін вайсковец, пухлы, як баба, маёр у лётчыцкіх пагонах. Скуль у такой дзірцы ды такія лётчыкі? Ну лётчык дык лётчык — дзе ж абяцаны мэдаль? Ажно ваенком зьвязаўся з райкомам, а там узьнікла ідэя правесьці гэтую справу арганізавана: уручыць прынародна ўсім адразу. Капітан чамусьді вельмі мітусіўся, а лётчык вывучаў Кучэру зь вялікай цікаўнасьцю, як быццам яны знаёмыя былі і зараз: га, ды гэта ты! — абдымуцца. Але ня кінуліся адзін аднаму ў абдымкі, а Кучэра пайшоў, чамусьці ненавідзячы лётчыка. Гэта Які ж самалёт патрэбен, якая кабіна пад такога кныра?

Зноў стала праблемай: як быць з Францам? Дзе начаваць яму, што адказваць, калі хто-небудзь усур’ёз зацікавіцца нямым зяцем Кучэры? А калі самім Кучэрам зноў зацікавіліся (хутчэй за ўсё гэта!) ды знойдуць у яго хаце беглага немца — быць таму лётчыку падпалкоўнікам, калі не вышэй. Ці не занадта для яго?