Читать «Нямко» онлайн - страница 45

Алесь Адамовіч

— Ды крыху мінай зачапіла.

— I мяне, татка, во, бачыш! Але Франц кажа, што затое не згублюся, прыкметная. I заплакала.

— Ну нічога, нічога. Затое во які ў вас харашун! Франц, кажаш? Што ж ён у лесе хаваецца, як салавейразбойнік?

— Ой, я вам усё, усё растлумачу. Мама вам тое ж самае сказала б. Яны так пасябравалі.

— Чакай, чакай! Мне Павал расказваў… Дык гэта ён?!

— Так, ён, татка.

— Не-мец? Вось не чакаў, не гадаў! Ведаў, што адчайная ты ў нас галава, але каб на такое адважыцца! Ты кеміш, што пра цябе людзі казаць будуць? Як жыць нам цяпер? Тое і яно, што хаваецца ў лесе. Так і будзем жыць, дачка?

— Пабачыш, татка, пабачыш, які ён! Вы што, вось так адзін гэты зруб і складваеце?

— Дзякуй, хоць лес памаглі вывезьці ваякі… Ага, дык гэта ты мне памочніка прывяла?

— Накіравалі нас — «па месцы жыхарства». I дакумэнт ёсьць. Ён такі старанны, Франц, такі рукасты, лекары проста ўлюбіліся ў яго.

— Ну а ты, ясная справа, тым болып. Значыць, гэта ён вас выратаваў тады? Ну што ж цяпер рабіць будзеш? Кліч свайго салаўя-разбойніка. Будзем разьбірацца.

Пакуль да іх набліжаўся немец-зяць, пакліканы радасным голасам любімай дачкі, партызан Кучэра зь нейкім нутраным нэрвовым сьмяшком зноў прабягаў сваё жыцьцё: нічога ня скажаш, толькі гэтага яму яшчэ не хапала!

— Дзень добры. Іосіф Герасімавіч! — сьціпла і зусім па-тутэйшаму павітаўся цыбаты дзяцюк у заношаным рускім шынялі, галава кароткаголеная — так выглядалі савецкія ваеннапалонныя ў 41-м. Што ж у ім ад немца засталося?

— Добры, кажаш, дзень? Што ж, будзем спадзявацца. А за іх — дзякуй! — паказаў на Паліну, глянуў на магілу жонкі. — Лёс, значыць, такі. Добры ў вас хлапчына, унё, чмыхае, як сярдзіты вожык.

— Ой, праўда, татка! — узрадавалася Паліна, што так усё добра складваецца. — Ніколі ня плача, адно сярдуе, калі галодны.

— Ты што, — спытаў Кучэра ў Франца, — камуніст? Рот фронт, як гаворыцца?

— Найн… Не. Хрысьціянін. Бацька ў мяне пастар.

— Гэта тое ж, што сьвятар, татка.

— Ведаю, ксёндз. Я пра камуністаў сказаў, бо іх раней з палону дамоў адпусьцяць.

— Прычым тут палон, татка? Франц не ў палоне. Ён з намі.

— 3 намі-то з намі. Калі, вядома, атрымаецца. Чалавек плянуе, а ўлада руйнуе.

— Не за дрот жа яму ісьці!

— Ворагу не пажадаю, ты мяне, дачка, не хапай за вусы. Вось так, Франц, — усё-ткі не ўтрываў партызан Кучэра, — вашы марылі савецкіх бачыць палоннымі, цяпер самім даводзіцца. Ты курыш? Паліш? Як кажуць нашы і вашы суседзі на Вісьле?

Выграб з кішэні зялёнага нямецкага фрэнчу, што валяўся ля буданчыка, нейкую залезку, крэмень, сушаную чагу-цэру, мэталічную масьлёнку, зь якой на лапік газэціны сыпануў тытуню, згарнуў цыгарку і ўзяўся здабываць агонь.

— Кацюша, — паведаміў Францу, — дзівосы тэхнікі!

Агулам здабылі, высеклі агонь. Немец старанна трымаў сухі кнот, ловячы іскры. Затым сам выштукаваў сабе цыгарку і прыкурыў у цесьця.

— Трубка міру! — сказаў крыху зьбянтэжана.

— А ты нічога сабе хлапчына! — прыкінуў Кучэра. — Глядзі, што і пражывем. Сьмеху дзеля.

16

Так і зажылі ўчатырох на пажарышчы вёскі Петухі. Паліна, трымаючы на вачах Паўліка, гаспадарыла «па дому», а гэта — увесь сад, агарод, насьпех складзеная печка, на месцы лазенкі, адным словам, усё, акрамя хаты. А хату вось-вось падвядуць пад страху яе мужыкі.