Читать «Нямко» онлайн - страница 44

Алесь Адамовіч

— I прыйшлі ў Бэтлеем, бо казаў Аўгуст адправіцца кожнаму туды, дзе нарадзіўся. Язэп пайшоў запісацца з Марыяй, абручонаю яму…

Па дарозе Франц ужо некалькі разоў узгадваў пра біблейскі перапіс, а наогул жа яны з Палінай вельмі ўзрадаваліся, калі ў ваенным шпіталі ім выдалі паперку, адну на дваіх (са згадкай пра дзіця): «Пераправаджаюцца па месцы даваеннага пражываньня».

У тым шпіталі яны прыжыліся надоўга. Франц працаваў на нарыхтоўцы дроваў, Паліна, крыху акрыяўшы, пры кухні і санітаркай, а затым надышоў час раджаць. Выявіла, што за час, пакуль хварэла, яе «нямко» стаў агульным любімцам у шпіталі, мэдсёстры яго шкадавалі, падкормлівалі. Нават прыраўнавала:

— Ты цяпер мяне такую памяняеш. Я ведаю.

А Франц усьміхаўся так, што хацелася верыць: пачварна склеенае яе вока і гэтая жахлівая чарната, якую ня змыць з шчакі, для Франца як бы нябачныя.

Стары Кучэра здалёк убачыў і стаў углядацца: што гэта за жанчына так сьпяшае, кіруючы да яго селішча, сядзібы. Белая хусьцінка то ўзьнікае, то хаваецца ў бярозавай зеляніне. Апошні раз цюкнуў сякерай і, ня злазячы з высокага зрубу, сачыў за жывой плямай вачыма, стомленымі ад шматдзённага бязьлюдзьдзя. Калі ўбачыў на руках у жанчыны дзіця, нясьмелая думка — а раптам Паліна? — стала чэзнуць. Але ўсё адно цікава, хто гэта — а раптам знайшоўся яшчэ адзін петухоўскі нсыхар?

Паліна ўжо бачыла, пазнала бацьку: галава зусім-зусім белая, а твар прыгожа-загарэлы і вусы, барада ўсё яшчэ цёмныя. Татка, татка! Камяк сьлёз не выпускаў голасу, крыку.

I калі яна выбегла з кустоў з заплаканым дзіцём, якому перадалося хваляваньне, і выкрыкнула-ткі: «Тата!», — стары невядома як апынуўся на доле. Кульгаючы (Паліна спужалася, што стукнуўся, зьлятаючы з зрубу), рушыў ёй насустрач. Паліна, дачка! Але што гэта ў яе з тварам, з шчакой? I чыё малое на руках? Як жа яна нагадвае сваю маму! Маладую, беламорканальскую.

— А донька мая, а што з табою зрабілася! — падобна па сабе загаласіў бацька. Абняў яе разам зь дзіцём. — Ну нічога, нічога, галоўнае, жывыя, сустрэліся. А дзе ж мамка, жывая?

Паліна, павярнуўшыся, паглядзела на тое месца, дзе яны з Францам пакінулі ўзгорачак-магілу, там усё парасло бур’янам, травой.

— Дык гэта яна? Я чамусьці так і падумаў. Так і падумаў.

— Мы тут вырашылі пахаваць, — Паліна сказала «мы» і азірнулася ў бок узьлеску. Франц там, чакае, калі паклічуць.

— А Паўлік? Ён што, у арміі? — у сваю чаргу спытала ў бацькі.

— Пайшоў наш Павал, сказаў, пайду дабіваць зьвера ў логаве. Некаторых пакідалі працаваць у раёне, а ён: пайду дабіваць. I вось…

Стаў шнарыць у кішэнях, затым махнуў рукой у бок буданчыка, каля якога валяюцца апраткі, кацялок стаіць з лыжкай, вядро.

— Там пахаронка. На Вісьле склаў галаву наш Паўлік.

Відаць, каб ня даць ёй заплакаць, тут жа спытаў у Паліны пра дзіця, якое моўчкі, ацэньваючы, вывучала дзеда.

— Тваё?

— Наш Паўлік, — знарок націск зрабіла: наш! — Мы яго так назвалі. О, Божа, як быццам адчувала!

— А бацька хто?

— Тут, тут, таксама прыйшоў, — Паліна паказала на лес. — А што ў вас з нагой?