Читать «Нямко» онлайн - страница 43

Алесь Адамовіч

— Ну што там? Вы каго клічаце? Муж? Гэта які, хто? Нямы? Дзе тут нямы? Хто муж гэтай жанчыны? Давайце яго на гэтую машыну.

14

Калі вучыўся ў Менскім унівэрсытэце, у нашым пакоі на вуліцы Няміга былі адны толькі франтавікі і нядаўнія партызаны. Як і ў многіх іншых пакоях. Наш асабліва знакаміты быў баяністам — Іван Іванавіч зь фізмату. Усе танцы на калідоры мяцелілі пад яго музыку. На вясельлях рэпэртуар Іван Іванавіч вытрымліваў строга клясычны. Па адным зводзілі нявесты-жонкі нашых франтавікоў-партызан, і праводзіў іх у мірнае жыцьцё Іван Іванавіч маршамі: з «Аіды», з «Фаўста». Толькі потым, пазьней, мы гэта пачулі ў выкананьні сымфанічных аркестраў.

А вось на яго вясельлі нашых было мала. Па-мойму, не захацеў нас бачыць у сябе. А дакладней, каб мы бачылі.

Толькі ў дзень яго пахаваньня, Івана Іванавіча — праз доўгія гады, — я пабачыў яго жонку, пабываў у кватэры. Ляжаў ён у труне ў такім нязвыклым на ім касьцюме (заўсёды ж у чорнай, усё адной і той жа, гімнасьцёрцы), а на крэсьле каля яго сядзела жанчына, увесь час адвярнуўшыся. Я ведаў, мы ведалі, а тут я ўпершыню разгледзеў: шчака чорная, як застаецца ад блізкага выбуху, вока адно жудасна нерухомае, устаўное. Ёй самой, магчыма, было ўсё роўна, як яна выглядае, адварочвалася ж (раптам падумалася) дзе ля нябожчыка. Раз ён ня клікаў нас да сябе, значыць, не хацеў, каб бачылі.

А ведалі ж яго гісторыю, на рэдкасьць рамантычную ў наш ня дужа рамантычны час. Помню, я перажываў яе амаль са сьлязой, калі неяк пачуў. Сам ён і расказаў. У групе яго падрыўнікоў, якую Ваня вадзіў на «жалезку», той раз апынулася ў ёй, магчыма, сама напрасілася, гэта здаралася, маладзенькая дзяўчына. Калі адыходзілі пасьля ўзрыву эшалёну, уцякалі, яна напаролася на міну. Некалькі вёрст ён нёс яе на руках. Успамінаючы, сказаў: «Прыціснулася, худзенькая, дрыжыць, як дзіця…». Вось гэтая памяць іх і пажаніла. Мабыць, ён ганарыўся сваім учынкам: ня тым, ля чыгункі, а пасьляваенным. А былі ці не шчасьлівымі — хто ведае? Было гора на твары ўдавы, але дабраты, здаецца, няшмат. А Ваня і запіваў моцна і ўвесь час на сухоты хварэў. Сын іх трапіў у турму, на пахаваньні бацькі яго не было.

Каб за ўсё добрае ўздавалася поўнаю меркаю — было б проста жыць. А жыцьцё ня простае.

15

На сконе лета 1944 году над размытымі і зарослымі лебядой папялішчамі Петухоў чуўся адзінокі гук. Нямоцны, вялы, як бывае, калі счэсваюць кару, звонкі, сухі, калі проста на зрубе высякаюць канаўку, каб пакласьці мох, — дзеля злучэньня з наступным вянцом бярвёнаў.

На ўзьлеску стаяць двое і ўслухоўваюцца. Зрэшты, іх трое — на руках у жанчыны, загорнутае ў марлевы шматок, прыкметна забруджаны, сьпіць малое. I хусьцінка на галаве ў жанчыны з марлі, ад гэтага асабліва прыкметныя чорныя крапінкі на зьнявечанай левай шчацэ, на лбе. Ля ног мужчыны армейскі рэчмяшок, сам ён у рускім шынялі, як на яго кароткім, увесь у бурых плямах, заношаным.

— Гэта татка, мой татка! — шэптам ускрыквае жанчына. — Я як голас яго чую.

— I прыйшлі яны ў Бэтлеем…

— Мне ня верыцца, што мы зноў тут!