Читать «Нямко» онлайн - страница 42

Алесь Адамовіч

I раптам нешта адбылося ў сьвеце, зь якога, здавалася, назаўсёды пайшло яно, вялікае РАПТАМ. Паліна сяк-так дапаўзла да бруднай пляцоўкі блізка ля варотаў, убачыла звыклы натоўп з адных жанчын, нарыхтавалася чакаць, спадзявацца на цуд зьяўленьня хлеба, як дарэмна чакала некалькі апошніх дзён. Але што гэта, куды ўсе так напружана і ашалела глядзяць? Глянула і яна, нічога не зразумела: вароты расчыненыя насьцеж і аніводнаг а ахоўнік а навокал! Цішыня невераемная.

Людзі як быццам пабачылі некага там, за варотамі, на гразкай дарозе, што ішла ў лясную далеч, — закрычалі і пабеглі. Блытаючыся ва ўласных нагах, хістаючыся, некаторыя бабы падалі і ўзьняцца ня мелі сілы. Гэта быў дзіўны бег, як у сьне, калі сэрца выскоквае ад шпаркіх удараў, а ногі ледзь-ледзь варушацца. Калі б Паліна азірнулася, яна пабачыла б, што іншыя бягуць назад, у свой лес, да пакінутых там дзяцей і блізкіх. Але такіх было няшмат. Астатнія ня помнілі ў той міг нічога і адно бачылі расчыненыя вароты. I нават калі пачуліся першыя выбухі на дарозе, на паляне (беглі, рассыпаўшыся шырока), не спыніліся. Нічога не разумелі, а потым пачуліся крыкі: «Мі-іны! Людзі, мі-іны!»

I тут ірванула каля Паліны, не пад ёй, а пад старым, што бег напердзе, смуродам і агнём паласнула яе па вачах, па твары. Заціснуўшы твар далонямі, рукамі, упала ў гразь. I паклікала:

— Мама!

Успомніла і нячутна сказала:

— Даруй, Франц.

Хто яе падняў, хто вёў назад, яна ня бачыла: вочы заляпіла, ёй здавалася, гэта кроў перашкаджае глядзець, зьліпліся пальцы, якімі закрывала твар. Галасы навокал, крыкі былі спалоханыя, але ўсё роўна радасныя. Ёй трэба было пачуць Франца, яго голас. Нехта стагнаў побач, а жанчына пранізьліва крычала, падумалася: як парадзіха! I пра свайго: спужаўся, маленькі? Гэта мама твая вінаватая, усё мама!..

Франца яна выглядзела з машыны. Перад гэтым загуло, і зноў закрычалі, усё так жа незразумела радасна. Паліна ў жаху, у адчаі церла вочы, сьцірала кроў, ліпкую цёплую заслону, каб убачыць, каб глядзець — шчымеў твар, скура на левай шчацэ, на шыі і лбе, правым вокам чула сьвятло, ды і толькі.

Потым каля яе пачуліся забыта спакойныя чалавечыя галасы, нехта кранаў яе твар мужчынскімі, з пахам тытуню, пальцамі, прасілі яе прыбраць свае рукі.

— Правае цэлае, здаецца… — пачула яна. Моцна занахла аптэкай, нечым халодным-халодным змачылі твар. Яна моцна прымружыла павекі, усё спадзеючыся: вось зробяць так і так — расплюшчыць вочы і будзе бачыць. I праўда — правым разгледзела высокага ваеннага ў шэрым шынялі, непраўдападобна тоўстую кабету ў белым халаце ўзьверх целагрэйкі.

— Перавяжыце — і на машыну. Астатняе потым, — загадаў ваенны і адышоў да іншых.

3 машыны і выглядзела Франца. Твар яе, пачварна і цёпла загорнуты ў вату, бінты, але адно вока расплюшчана. Пабачыла: стаіць адзаду за ўсімі, позірк тупа-разгублены, не, як у забытага, згубленага дзіцяці. Выгляд жудасны. Як бы цяпер толькі пабачыла напраўду ўсё. Тоўстая кабета ў халаце нецярпліва азірнулася на яе вокрык.