Читать «Нямко» онлайн - страница 41

Алесь Адамовіч

Цяпер толькі Паліна дзяжурыла ля варот зь некалькімі, такімі ж, як яна, чалавечымі істотамі, што зьмяніліся непазнавальна. Франц амаль не пакідаў бруднай земляной нары пад адзіным у гэтым кволым сасновым лесе дубам. Паліна, вяртаючыся з хлебам (а гэта было ўсё радзей і радзей), часам знаходзіла яго ўжо наверсе: цярпліва чакаў, а раптам не з пустымі рукамі. Як у свой час — Ліза. Вошы паверсе ўжо ішлі, самае жахлівае, яны нават на бровах у яго. А ён не заўважае, не разумее, што гэта перашкаджае яго вейкам, жалас на міргае — о, Божа, і гэта яе Франц! Глядзіць на яе рукі, на хлеб, як бы баючыся, што не дадуць, што яму не дастанецца. Як быццам Паліна калі-небудзь не дзялілася зь ім. Яна б і сваё аддала, але ня ёй жа адной трэба, а яшчэ і дзіцяці, іх дзіцяці. Часам здавалася, што ён ужо і нежывы там, нічым аб сабе не нагадвае. Бывае, аддаўшы ўвесь хлеб Францу (ён хапаў і тут жа поўз у нару), яна падала на сьнег і плакала — ад крыўды на Франца. Як, як ён можа такім быць, так выглядаць перад ёю? Значыць, яму цяпер яе каханьне не патрэбна, яе павага. Анічога, акрамя кавалка хлеба.

13

Мой сябар-філёзаф злавіў удалую думку: а што калі палічыць, колькі разоў слова «раптам» і яго сынонімы сустракаюцца на адной старонцы ў розных аўтараў. Г. зн. як часта час-жыцьцё спатыкаецца на бягу. У прозе Пушкіна падкрэсьленыя чырвоным флямастарам словы мільгаюць толькі зрэдку, як верставыя слупы. У Талстога часьцей, але ў той жа рытмічнай пасьлядоўнасьці. I раптам запалалі старонкі! Гэта раман Дастаеўскага.

Ну а калі само жыцьцё можна было б вось так разьмеціць, уласнае ці нечае? Колькі разоў «раптам» на працягу дня? Павароты, рыўкі, нечаканыя падзеі. Ну а калі існаваньне, як у Франца з Палінай, калі нечаканасьцю не зьяўляецца ўжо і сьмерць? Яна — штодзённасьць, зьнікла мяжа, граніца паміж жыцьцём, быцьцём і нябытам.

У Азарыцкім лесе сам час спыніўся: здавалася, нічога ўжо ня можа здарыцца. Памрэш — дык хіба гэта падзея?

Раз у некалькі сутак зь ямы пад каранямі дуба, па краях якое брудная наледзь (быццам і дыханьне ўжо нячыстае), выпаўзала непраўдападобная істота, мяркуючы па апратцы і шматах валасоў, што тырчалі з-пад хусткі, жанчына, не адразу выпроствалася, нейкі час яна абапіралася дзьвюма рукамі аб дрэва. Затым, перабіраючы імі па ствале, выпроствалася і, нарэшце, адштурхнуўшыся, пачынала рухацца… бягом. Але толькі пяць-дзесяць крокаў, і тут жа падала: ногі не пасьпявалі за целам. I ўсё пачыналася спачатку. Твар… У твар, у вочы лепш не зазіраць. Пашкадуем Паліну.

I ня станем зазіраць у нару, дзе бязвылазна ўжо ляжыць той, хто быў Францам.

Але ўжо сьвеціць па-вясноваму сонца. I нейкія гукі даносяцца ўранку ў гэты мёртвы лес з таго боку, адкуль яно ўздымаецца. Людзі, якія рухаліся і жылі па-за лягерам, маячылі на вышках, рабіліся ўсё болын неспакойнымі і задуменнымі. Але ня будзем і ў гэтыя твары зазіраць — што нам да іх? Мала яны нянавісьці атрымалі і мелі, ці што? Хаця нікому ад гэтага не лягчэй.