Читать «Нямко» онлайн - страница 30

Алесь Адамовіч

Нарэшце ўбачыла цела Франца — камяком. Ногі, рукі, шыя — як у вузел зьвязаныя. У самой жывот падцягнула да схаладзелых пазванкоў, калі, выхапіўшы з штаноў Франца кашулю, убачыла сінюшную рваную рану і, як ёй здалося, белую палоску рабра. Рукі яе афарбаваліся ў кроў, яна глядзела ў твар, зьбялелы, мёртвы.

— Ды памажыце ж! — крыкнула невядома каму. Рэха бою чулася недзе высока над імі. Вочы расплюшчыліся, блакіт у іх цьмяны, нежывы, чалавек спытаў:

— Wohin soll ich springen? Mama, Wohin? Сюды?..

10

Ня ўсе загінулі, ня ўсіх забілі, жывыя застаюцца нават на такой вайне, што дасталася нам. Штык-кінжал загруз, здаецца, проста ў жываце. Але ў апошні міг без усякай яго волі цела само выгнулася, бегучы ад вернай сьмерці. I штык, рыпнуўшы, прайшоў між рэбраў. Адна Паліна магла б расказаць жанчыне з чужымі строгімі вачыма, фатаграфію якой насіла ў мэдальёне, як Францу, ім з Францам пашанцавала ацалець. I там, каля моста, і пазьней, калі несла іх грозная перадфрантавая хваля, штурхаючы перад сабой, абрынаючыся зьверху, накрываючы іх разам з тысячамі такіх жа, як яны, уцекачоў ад пагібелі. А як уцячэш, калі яна навокал, усюдьі, нясе ўсіх, як трэскі ў паводку, — ты ў яе ўчэпістых абдымках, сам ня верачы, што яшчэ жывы?

Спачатку вярнуліся ў тую ж зямлянку, адкуль іх нядаўна пагналі забіваць. Паліне туды вяртацца было страшна, але некуды трэба было схавацца з параненым. Ня дзень, ня два патрэбны, каб ён акрыяў. Яна цягнула Франца, слухаючы рэдкую страляніну аддаленага бою, кожны іх крок пакутаю, болем люстраваўся на сшарэлым твары параненага. Паліна прыціскала да параненага боку Франца камяк альховае лістоты, што зьліплася ад крыві, разумела, што гэта бессэнсоўна, кроў гэтым не супыніш, але тым мацней уцісквала руку, як бы затрымліваючы ў абмяклым целе рэшту сіл, жыцьця.

Дні пакаціліся бязь ліку, зьліпаючыся з трывожнымі начамі, падсьвечанымі пажарамі, зь неспакойнымі, дрыготкімі ад далёкіх і блізкіх выбухаў сьвітанкамі — зьліваліся ў нешта суцэльнае, як сьпіцы ў коле, што імкліва коціцца. Ужо праз тыдзень давялося пакінуць сваё сховішча. На шчасьце, Паліне трапілася на вочы кімсьці кінутая двухколка (на такіх калгасьнікі вазілі сена з балота, на сабе, вядома, каня мець ім было забаронена). Уклаўшы параненага — то ногі, то галава яго занадта зьвешваліся, даводзілася бясконца спыняцца, папраўляць, — Паліна ўцякала ад неадступнай бяды. Часам здавалася, што ня нейкія там карнікі — немцы ці паліцаі іх перасьледуюць, а ўся Германія, тая самая «праклятая», як пра яе сьпяваюць, помсьліва кінулася ў пагоню. Не пасьпявала дацягнуцца да якой-небудзь вёскі ці хутара, дзе разьлічвала адпачыць, перахапіць што-небудзь, пад’есьці, як змушаная была разам з жыхарамі бегчы далей: зноў страляніна, ірвуцца міны, зьверху абстрэльвае самалёт. Франтавыя часьці, адступаючы з усходу, ярасьць сваю абрушвалі на ўсё жывое. Неўзабаве давялося кінуць і вазок, а Францу ўстаць на ногі, хаця паранены бок яго ўсё яшчэ сьцякаў гноем, крывёю. Іх загналі ў гнілыя балоты, якія ўжо там вазкі. Даводзілася ня тое што ісьці, а паўзьці на пузе. Былі моманты, калі ад страху з галавой праваліцца, ад нечаканкі, што ў Франца вырываліся нямецкія словы — ускрыкі, і тут ён раптам прыкмячаў побач твар дзіцяці ці жанчыны з расшыранымі ад жаху вачыма: як калі б поруч зь імі загыркаў, узьняў поўсьць воўк ці, болын дакладна, клацнуў зяпай кракадзіл. А калі выбраліся на «дальнія», як тут называюць, «астравы» («Камар-мох») і ўжо можна было стаяць і нават ляжаць, перадыхнуць, Франца раптам закалаціла ліхаманка, жар зваліў, як і многіх, — тыф! Мала ўсяго, дык яшчэ і гэта. Пачаў трызьніць, выкрыкваць скрозь нямецкія фразы. А побач людзі, што ўцякаюць ад немцаў. Паліне давялося выдумаць легенду. Гэта італьянец, ён уцёк з іхнай арміі, многія ўцякаюць пасьля таго, як Італія выйшла з вайны. Немцы іх заганяюць у лягеры. Але Паліне верылі нядоўга: нават дзеці добра ведаюць, чые гэта словы: «хальт» ды «ком». Жанчыны і суровыя падлеткі пачалі нядобра касіцца на Паліну і яе «італьянца», нічога не заставалася, як распавесьці ім праўду. Чуцьцё падказвала Паліне: трэба расказваць падрабязна, з усімі перажываньнямі, як яно насамрэч адбывалася. I Паліна пастаралася: пра тое, як Франц выратаваў іх з маці, як разам хавалі вёску, а мама памерла, як Франца ледзь не зарэзаў уласавец і яны цудам выратаваліся. А калі пра той вазок стала апавядаць, расплакалася. Колькі ж гэта дзён, начэй яна цягнула такі цяжэразны вазок, уцякаючы ад пагібелі і зноў трапляючы ў лапы сьмерці. Сьлёзы ўжо і на вачах у іншых жанчын: усё гэта і яны перажылі, ёсьць каго і што аплакваць кожнай. Але, вядома, і спрэчка ўзьнікла. Паліна правільна зрабіла, што замоўкла. Няхай, няхай жанчыны нагаворацца, колькі ім пажадаецца.