Читать «Нямко» онлайн - страница 31

Алесь Адамовіч

— А, усе яны добрыя! Адных ратаваў, а другіх, можа, караў, мучыў.

— Дзеўка ж казала: ён толькі што з Германіі, калі ён мог пасьпець?

— Ужо нагледзеліся мы на іх! На ўсякіх.

— Не, не, бывае, не кажэце! Вось адна жанчына на гарышчы схавалася, цыбуля там сушылася, дык яна пад яе зашылася. А ён: рып па лесьвіцы, рып-рып… Узьлез, падышоў, адкрыў твар ёй, паглядзелі адно на аднаго, назад паклаў вянок і пайшоў, не чапіў.

— А то расказвалі… Афіцэр адзін, таксама немец, ня вытрываў, як яны тых дзяцей, баб забіваюць, адышоў убок і сабе ў галаву…

— А гэты, калі ён праўда застрэліў свайго, хто ж яго цяпер памілуе, калі ня мы?

Калі пал і сьмяротная слабасьць адступіліся, і Франц стаў пазнаваць Паліну, убачыў людзей каля сябе, ён раптам павітаўся:

— Добры дзень!

— Нічога, можаш гаварыць, — супакоіла Паліна, — людзі ўсё ведаюць.

— А ён па-нашаму гавора! — абрадаваліся бабы.