Читать «Нямко» онлайн - страница 28

Алесь Адамовіч

Франц з усяе сілы стараецца не спужацца, не прыцягнуць іх увагу. Але ўсё-ткі гэта былі першыя немцы пасьля ўсяго, і сам ён ня мог не перажываць наймацнейшых пачуцьцяў, дзе былі ня толькі трывога, страх, але і шчымлівы боль за сябе, за свой вось так пакручаны лёс.

— Warum grinzt er? — спытаў раптам афіцэр. Пра што гэта ён?! Няўжо пра Франца? — глядзіць на яго. Ну вось. Ну вось, зараз усё і адбудзецца, здарыцца! А калі знойдуць мэдальён у Паліны: нямецкі, адкуль?! — а калі яна ня вытрымае? Як умеюць дапрасіць чалавека, каб дазнацца пра ўсё, — для Франца не сакрэт. Тут прыйшоў страх ужо не за сябе — за Паліну. Скеміў, як дарагая яму гэтая наравістая істота!..

Падобна, перакладчык, што стаяў поруч з афіцэрам, спытаў у рускага:

— Хто яны?

— Нямы, — ахвотна растлумачыў той і дзеля пераканаўчасьці пальцам пакруціў каля сваёй скроні, — калгасьнікі. Усе яны тут бандыты.

Раптам занепакоіліся ўсе, па-нямецку, па-руску прагучала папярэджаньне: сысьці з просекі, у лес, наперадзе нейкія людзі! Бяжыць па просецы нехта, апрануты па-вясковаму, але па тым, як ён бяжыць, а ўсе чакаюць яго, зразумела, што ён свой, мабыць, сувязны, разьведчык. Дабег, запыхкаўшыся, прасіпеў:

— Ідуць! Там іх цэлая група.

I тыя, што заставаліся на просецы, усе зрушыліся, паглыбіліся ў гушчар, штурхнуўшы туды і Франца з Палінай. Тут шмат іх, уласаўцаў, і, мабыць, немцаў. Апынуліся побач з тым самым «Івановым», ці ён падсунуўся наўмысна, раптам як бы паказаў сабе за сьпіну: уцякайце, пакуль ня позна! Але, здаецца, позна: тут ужо і голенагаловы.

— Ты і ты, — загадаў двум уласаўцам, адвядзіце іх… Ну хоць бы да мосьціка. Тыя на яго пазіраюць запытальна.

— Што незразумела? Адпусьціц е там. Каб ані гуку. Адна нага тут, другая там. Фарштэйн? Выконвайце!

I ўзьняў вочы да неба, пасьміхаючыся гадка. Паліна зразумела, а Франц, падобна, перажывае палёгку, супакаеньне, што ён ужо ня ў полі зроку нямецкіх афіцэраў.

Францу нават цікава назіраць ягдкаманду ў дзеі, колькі разоў чытаў з захапленьнем пра сьмельчакоў, што, пераймаючы тактыку партызанаў, пранікаюць у самае гняздо іх, а там, затаіўшыся, чакаюць, як паляўнічы зьвера, ворага, які нічога не падазрае. Але пісалі менавіта пра нямецкія «паляўнічыя каманды», гэтая ж — уся амаль з рускіх іншаземцаў.

Паліна разумела, куды іх і навошта вядуць. Той, што зь вінтоўкай, адзеў на ствол штык-кінжал (сталь драпежна клацнула), у аўтаматчыка, рыжабровага пад каскай, кінжа л вісіць н а поясе. Будуц ь рэ заць! — рукі-ногі ў Паліны загулі, як быццам яны пустыя, полыя, прадзьмутыя марозным зімовым сіверкам. Яе на вачах у Франца рэзаць, Франца на вачах у яе. Страх ня толькі болю і ня толькі жах сам па сабе, але і сорам. Яе жывёльны жах будзе бачыць Франц, а яна — ягоны жах. Па гэтай кароткай лясной дарозе ўчора ішлі да рэчкі ўюноў лавіць. Тут, зусім побач, зараз, зараз гэта здарыцца!

— Ну, ідзі, ідзі! — штурхае Паліну штыком пажылы ўласавец, нечым, нейкай унутранай злосьцю ён нагадаў Ота. Франца наперадзе вядзе рыжы аўтаматчык. Як сказаць Францу, што іх вядуць забіваць (калі ён яшчэ не дапетрыў), і, галоўнае, што страляць, шумець, калі партызаны блізка, ім нельга. Калі кінуцца ў лес, ім будзе не да таго, каб лавіць, але трэба абаім разам. «Ота» не дарэмна нэрвуецца, злуе, чуе, што можа так адбыцца. Паліна пабегла б ужо, будзь што будзе, але Франц, Франц…