Читать «Нямко» онлайн - страница 32

Алесь Адамовіч

А калі пераканаліся, што і гаворыць, і разумее добра, распачаліся сапраўдныя палітразмовы. Завадатар гэтых бясконцых размоваў — стары, якога ўсе называюць Бязвухі. Ён без вушэй насамрэч. Калі такімі не лічыць кароткія агрызкі, прыкрытыя рэдзенькім касмыльком валасоў. Бабы, тыя ўсе ведаюць, паведамілі Паліне: у грамадзянскую вайну так удружылі дзеду, адно вуха адрэзалі чырвоныя, другое — балахоўцы, белыя. Не дагадзіў ні тым, ні другім. Мабыць, ім таксама дакучаў, назаляў сваёй асобай, сялянскай праўдай, як зараз во Францу. Бабы ўжо гоняць яго, як авадня.

— Дай хоць чалавеку паляжаць. Да чаго прыставучыдзед.

Каб гэтыя людзі раптам зрабілі Паліне нават вялікае зло, яна не змагла б ім не дараваць — за тыя кружачкі малака, што прыносілі Францу. На ўвесь «цывільны лягер» было дзьве ці тры каровы, каб дабрацца да іх, трэба ажыцьцявіць небясьпечнае падарожжа па балотных купінах, і вось кроплямі малака, што прызначаліся адным толькі дзецям, дзяліліся зь немцам.

А Бязвухі ўсё намагаўся нешта сваё даказаць Францу. I выклікаць яго на спрэчку. «Дзеду-ўсяведу» (яшчэ і так клічуць Бязвухага глумлівыя падлеткі) трэба абавязкова атрымаць пацьвярджэньне, што гэта немцы прыдумалі калгасы. I зрабілі знарок, каб гэтыя дурні на ўсходзе развучыліся і працаваць, і ваяваць. Армія заўсёды трымалася на самастойным гаспадары, а з калгасьніка — што спытаць? Які работнік, такі і воін. А надумаў, зрабіў так усё ўнук «Карлы Маркса», ён пры Гітлеры галоўны дарадца. У Франца галава ішла кругам ад несакрушальнай упэўненасьці Быязвухага. Бабы ж папярэдзілі свайго дзеда:

— Ой, глядзі, адрэзалі табе вушы, і язык адрэжуць!

Хто адрэжа, не казалі, але, мяркуючы па ўсім, ведалі і яны, і сам стары. Таму што гаварун на нейкі час змаўкаў, сыходзіў да сваіх справаў. Але неўзабаве вяртаўся.

— А вось скажыце вы мне!.. — і зноў раскручваў Францавы мазгі, але ўжо ў зваротным накірунку: а ці праўда, што Гебэльс у Маскве вучыўся, там школа адмысловая ёсьць для такіх?..

Узгадваючы меркаваньні свайго бацькі пра Расею, пра ўсё, што ў ёй адбылося пасьля рэвалюцыі, Франц таксама ня супраць быў сёе-тое пераправерыць, а раптам зможа потым бацьку пераказаць. Ці праўда, што калгасы задумваліся як вяртаньне да камунаў, абшчын раньніх хрысьціян? Сумесная праца, агульны стол, роўнасьць, няхай і не пры вялікім дастатку. «Капіталіст — во! — Франц зграбаў да сваіх ног усё сьмецьце, шыгдкі. — А камуніст…» — раздаваў тыя ж шышкі: «Табе, табе і табе!» Рэакцыя была нечаканая. Не, здаецца, ніхто не аспрэчваў, але нават старыя бабы глядзелі на Франца як на блазна, хворага. «Дзед-усявед» уеё-ткі адкамэнтаваў:

— Бязвухі ня я, а вось хто! — і ўрачыста паказаў на Франца. — Можа, самі вы, немцы, яшчэ пасмакуеце, што гэта за мёд.

На ўсе пярэчаньні (Паліна таксама зь ім спрачалася) дзед сьцьвярджаў адно:

— Ну а чаму Гітлер калгасы не распускае? Адно шыльду зьмяніў. Тое і яно! Што гэты, што Напалеон — спужаліся мужыцкай волі.

Паліна чула, як збоч бабы так гэта абгаворвалі.

— Мо ён камуніст? Ня ўсіх жа Гітлер пасадзіў.

— Кажа так пра калгасы, думае, нам гэта спадабаецца.