Читать «Нямко» онлайн - страница 29

Алесь Адамовіч

— Дык, значыць, Пушкіну цар кажа, — раптам паварочваецца рыжабровы аўтаматчык, зьвяртаючыся да «Ота» цераз галаву Паліны, — кажа: «Пушкін, ці ня ты напісаў Луку Мудзішчава?» А Пушкін, язьві яго душу…

— Вы не з Алтая, не алтаец? — перахапіла яго позірк (здалося, дабрадушны, не пагрозьлівы) Паліна.

— Ну алтаец, а што?

— У мяне мама з-пад Ленінагорску.

— Гэ, я таксама з Рыдэра. Гэта па-сталінску: Ленінагорск. А сапраўдная — Рыдэр, англічане руду здабывалі. Дык што ты хацела сказаць?

— Ну што мама мая з Алтая таксама. Яна, як і вы, гаворыць.

— Гэ, чуеш, Муха, — зьвярнуўся да «Ота», — зямлячка мая.

— Ідзі лысага гэтым абрадуй. Вось зараз яны там падыдуць ды ўлепяць табе чаргу ў сьпіну — пабратаецеся. Я б іх усіх! Чаго гэта мы іх так далёка праводзім?

Франц ня дужа перажываў тое, што адбывалася. Яму здалося, што болыпая пагроза мінулася. Той сказаў: «адпусьціце». Афіцэры ж нічога падазронага не заўважылі. А разгадай яны Франца! У 40-м нямецкія маці па радыё і ў газэтах пракліналі сыноў, якіх зьбілі над Англіяй і яны ня так нешта сказалі пра фюрэра. А што зрабілі б зь яго маці, бацькам, што іх змусілі б зрабіць, калі б адкрылася, што яго не схапілі партызаны, забіўшы Ота (хацелася верыць, што менавіта так падумалі), што гэта ён забіў таварыша, немца забіў, здрадзіў самаму сьвятому.

Вось і знаёмая рачулка адкрылася, злавесна тырчаць вывернутыя з жоўтага пяску чорныя бярвеньні, гнілыя жэрдкі, унізе густы алешнік — выйшлі да мастка. Вось і кош валяецца. Францаў кош, якім уюноў лавіў. Схапіць за руку, заплюшчыць вочы, і, пацягнуўшы яго, скочыць проста на кусты. Як будзе, так і будзе. Няхай страляюць, калі адважацца: яны так жудасна спыніліся насупраць, гэтыя двое, самі як бы разгубіліся, ня ведаюць, з чаго пачаць. А Франц зьзяе блакітнымі ўдзячнымі вачыма, лічачы, што яго і Паліну адпусьцяць.

— Дзякуй! — ад паўнаты пачуцьцяў вымавіў нямко.

— Ах ты, сука! — узвыў «Ота» і штыком пырнуў яго збоку. Коратка, але рэзка. Паліна пранізьліва закрычала і паляцела ўніз. Яна ўжо ня бачыла, як «Ота», не вышморгваючы штык, сьпіхнуў усьлед Франца. Тут жа ўсё вакол як выбухнула — ад блізкай страляніны. Ня чула крыку:

— Канчай іх аўтаматам!

Страчыў па ёй, па ім рыжы алтаец ці не, Паліна ня ведае. Аглушаная падзеньнем, уся падрапаная, амаль трацячы прытомнасьць ад болю ў плячы, Паліна расплюшчыла вочы і ўбачыла раптам (ці здалося гэта) над сабой шызую морду сабакі, што пільна глядзеў проста ў вочы ёй. Дзіўныя вушы ў гэтага сабакі: буданом, быццам склееныя, нібыта рог у яго на галаве. Тут жа зьнік, як прывід. Прымусіўшы сябе ўстаць, Паліна гарачліва шукала вачыма Франца: яна ў нейкі міг пасьпела ўбачыць, як раскрэсьліла неба распластанае чалавечае цела. Густы алешнік прымяты, прыціснуты да долу — там! Хапаючыся за кусты нямогла — вялымі рукамі, пагрэблася ў той бок, раптам пабачыла — што гэта?! — чырвонае павуціньне, што апляло галіну альхі. Ліпкія ніткі крыві цягнуліся, ярка палалі ў сонечных прамянях. А на лістах яна дзягцярна-цёмная. (Гэта не была толькі гульня сьвятла: на хінна-гаркавых альховых лістах кроў чамусьці робіцца чорнай — гэта ўжо маё назіраньне з вайны.)