Читать «Нямко» онлайн - страница 27

Алесь Адамовіч

— Холадна табе?

— Крыху. Я бачу, і табе таксама холадна.

— Беднае варанятка. 3 гнязда выпала.

— Цікава, якія цяпер у муці сны? Яна любіць іх пераказваць, і мы абавязаныя слухаць, як урадавую зводку. Крыўдзіцца. Вярнуся калі, яна мне іх абавязкова раскажа.

— Табе ж холадна. Акрыйся добра. Сьпі, сьпі. Нядыхай так! Чуеш, ня дыхай так! Хацела адсунуцца, а ён спалохана і вінавата аціх.

Беднае варанятка! Працягнула сама да яго ў цемры рукі, ён прыціснуўся да іх гарачымі шчокамі, прыціснуўся да яе, як схаваўся. Такі бездапаможны, такі разгублены… Калі боль пранізаў яе і, галоўнае, спалох, што г э т а ўж о адбылося, здарылас я (падкраўся, гад!), яна адштурхнула яго зь сілай, якой сама не чакала!

— Зьвер! Фашыст! Фашыст пракляты!

— Я ж цябе кахаю, Паліна.

— Воўк — кабылу! — і зарыдала.

Печка выгарала, згасла, у зямлянцы няўтульна, сыра, пах закінутасьці і нейкай безвыходнасьці. За дзіравым акенцам насьмешлівы, зьдзеклівы хор жаб. Загарнуўшыся ў свой плюш, ціха ўсхліпвала Паліна. Аціхлы, быццам і няма яго тут, ляжыць Франц. Ён, здаецца, мацней за яе аглушаны тым, што здарылася. Ціхенька ўстаў, разьдзьмуў у печцы агеньчык, падкінуў дроваў. Пад смалістае пастрэльваньне агню заснуў.

Крык уварваўся ў расчыненыя дзьверы:

— А ну выходзь! Фэрфлюхтэр, маць вашу! I проста над галавой — у акенца:

— Кідаю гранату! Язьві вашу душу: выходзь!

Гэта маміна «язьві» падзейнічала асабліва паралізуюча.

— Ой, дзядзечка, ня трэба, мы вясковыя!

Адштурхнуўшы Франца, выйшла, выбегла першаю, папярэджваючы крыкам:

— Там брат, ён нямы, зусім нямы!

Плямісты нейкі чалавек (плашч-накідка і голеная галава — усё ў яго ў плямах) адкінуў Паліну:

— А мы зараз пабачым. I Франца аўтаматам адштурхнуў убок:

— А ну, выпенцюх! Хто яшчэ там?

— Нікога, паночак, толькі мы! — сьпяшае адказаць Паліна.

— Правер, — загадаў плямісты другому ў такім жа плашчы, але ў гэтага на галаве нямецкая каска.

— Бач, бандыцкія морды! — нядобрымі вачыма разглядвае голенагаловы злоўленых. — Хочаце пабачыць беларускую птушку бусла? Пакажам вам, сталінскія бандыты!

I ўжо да сваіх, чалавек шэсьць іх, жалезнагаловых.

— Мала было Сталіна гэтым бульбянікам, не нацешыліся калгасамі. Вы за што гэта ваююце?

— Мы цывільныя, дзядзечка, брат, ён нямоглы зусім, хворы, — галасіла Паліна, а сама думала: ня горш за бабку Адарку, яна кармілася тым, што аплаквала нябожчыкаў. Адно каб Франц ня ўздумаў памагаць.

А плямістагаловы ўсё шукае, да чаго прычапіцца. Вось ужо свой яму не дагадзіў:

— Іваноў, ты куды? У кусты ўсё цягне? Ой, глядзі! Можа, як Валошын рашыў? Бяжыце, бяжыце, вас бандыты прылашчаць!

— Скуль ты ўзяў? — агрызнуўся ўласавец у акулярах (Паліна ўжо разумее, хто гэта). — Чалавеку пасц… нельга?

Франц жа пра сваё ўсё думаў, трывожыўся: на просецы адразу ж убачылі немцаў. Некалькі афіцэраў у такіх жа плашч-накідках, але высокія фуражкі на іх, а ня каскі і не пілёткі. I галоўнае, глядзяць так — яны і астатнія на іх, — што адразу разумееш: самыя вялікія начальнікі — гэтыя.