Читать «Нямко» онлайн - страница 26

Алесь Адамовіч

— Хутка ў цябе каўтун будзе! — ускалмаціўшы валасы Франца, сказала Паліна. Ён толькі што памыў іх у зарослай альхоўнікам і асакой рэчцы, і яны ляжалі на траве каля разваленага мастка, адпачывалі. Франц у недарэчнай на ім, кароткай яму бялізьне з суворага палатна, што нямала памучыла яго беднае гарадзкое цела, але ўжо разьмякчэла ад носкі і частага акунаньня ў ваду, чамусьці не саромеецца Паліны — як не саромеўся б, мабыць, апранахі клоўна. Ну а Паліне проста весела на яго, такога, глядзець.

— Ты сказала: каўтун? — мабыць, Франц нешта прыпомніць намагаецца.

Поруч на траве зіхцяць зьмейкамі вёрткія ўюны, вылаўленыя ў балотнай затоцы, дзе вада цяплейшая, Паліна зь дзіцячай несьвядомасьцю жорстка пляскае іх далонькай.

— Нашы палешукі некалі наогул ня стрыглі валасоў, — паведамляе Паліна.

— Як сікхі.

— Хто гэта?

— У Індыі каста такая. Па тры мэтры валасы адрошчваюць.

— Ну нашы менш, але таксама. Лічылася: зрэжаш — захварэеш. У каўтуне ўсе хваробы.

— Ой, чакай, успомніў! Багіня Мэб. У яе крылы з камарыных хмараў, зь ледзь прыкметных мошак. Яна хвасты коням заплятае начамі, багіня Мэб. А людзям каўтуны робіць. У Шэксьпіра, ведаеш, «Рамэо і Джульету»?

Джульету на школьнай сцэне Віра іграла, Паліна помніць белы твар, перадсьмяротны грудны голас. Паўтарыла перад Францам:

— Чакай мяне, Рамэо! I я з табой, я іду да цябе! I «закалола» сябе «кінжалам».

— Здаецца, яна п’е атруту? — запярэчыў Франц.

— А ты што, носіш з сабой? — міжволі спытала, прыгадаўшы тых нямецкіх афіцэраў.

— Нядрэнна б. Гранату канфіскавалі.

Калі да зямлянкі ішлі, убачылі на бярозавым кусьце дзіўна завіслую варону. Глядзіць на іх з жахам, паварушылася і засьлізгала па лісьцях, ледзь стрымалася на ніжняй галінцы. Хворая? Ці гэта ўжо так падрасьлі птушаняты, зь неасьцярогі вывалілася каторае з гнязда. Не заўважылі, а ўжо нахапілася лета. Лес пацяжэў ад лістоты, елка выкінула сьвежыя зялёныя (тут жа пачынаюць жаўцець) стрэлкі. А салаўі запускаюць свае трэлі-чэргі і ранкам, і ўвечары. Зьявіўся ў лесе майстар, і ўсе астатнія сьпевакі цягнуцца, падладжваюцца пад яго, стараюцца з усяе сілы, каб і ў іх ня горш атрымлівалася. А тут яшчэ нябачныя жабоцькі на ўсё навакольле паведамляюць:

— Я-ак до-обр-ра-а, соладка!

Калі Паліна міжволі пацягнула руку, каб памагчы вараняці, яно са страху — дзе і сіла, і ўменьне ўзялося — узьляцела і села на ніжні сук сіратліва, у яловай засені выраслай бярозы. Гайданулася, каб ня ўпасьці, умацавацца. I ўхапілася атрасаць вільгаць роднага гнязда, саскрабаць дзіцячую ліпучку зь пер’я, прапускаючы празь дзюбу то адно, то другое крыло. Усім добра. А што людзям дрэнна, дык хто ў гэтым вінаваты, калі не яны самі?

Павячэралі бульбай і падсмажанымі на распаленай блясе ўюнкамі (Франц запэўніваў, што нічога больш смачнага ня еў, будзе мутэр сваёй расказваць).

На гэты раз спаць уладкаваліся моўчкі, як бы баючыся словаў, яны адно перашкаджаюць. Расьсьцялілі Францаву вясковую саматканую сьвітку — гэта пад ніз будзе, акрыцца — плюшаўка Паліны. Усё бяз словаў, і быццам заўсёды так вось спалі і нічога асаблівага няма.