Читать «Нямко» онлайн - страница 18

Алесь Адамовіч

У двары спаленага Падабеда, ён жыў ля самай рэчкі, знайшлі лазовую вяршу-таптуху — Паліна навучыла, як лавіць уюноў, Франц натупаў зь дзясятак зьмеепадобных вёрткіх рыбак. А скулаў займеў яшчэ болын — усяго абсыпала. А можа, таму што на зямлі даводзіцца спаць, ночы халодныя? Бялізна з шорсткага вясковага палатна нацерла мяккія месцы, цяпер ён ногі ставіць уроскід, як цыркуль, — здохнуць можна, як ён ходзіць. Сябры Паўла, партызаны, называюць гэта: здагнаў воўка! Добра яшчэ, што ня ные, сам над сваімі бедамі паджартоўвае. Запэўнівае, што абавязкова сваёй мутэр завязе і пакажа: якую бялізну сын яе насіў. «Калі быў у партызанах», — ад сябе дадала Паліна. Франц змоўчаў: мулкае для яго слова, накшталт гэтай бялізны. I насіць немагчыма, і іншага няма, сваю, нямецкую, затаптаў у балоце.

I вось надышоў дзень, якога Паліна і чакала як ратунку, і адчайна баялася. Зь лесу ўбачыла ля свайго двара верхавых на конях, адразу ж пазнала Паўліка, стаіць побач з маці. Зь ім, мабыць, яго разьведчыкі, наяжджалі вось так неаднойчы.

— Сядзь і сядзі тут, — загадала Францу, паказваючы на нагрэтае сонцам падгнілае бервяно, — пакуль я не вярнуся. Або паклічу. Толькі не ўцячы! Ня пойдзеш?

— Не пайду. Ну зусім як разумнага сабаку яна яго ўгаворвае. Але ім не да сьмеху. Франц нейк панік, твар сшарэў.

I Лазарчука пазнала здалёк, ён з Зарэчча, вёска гэтая некалі супернічала зь Петухамі: у каго болын зычныя і шматлюдныя вечарынкі. I трэці нехта зь імі, сядзіць на кані, трымаючы на каленях вінтоўку. Што, што ім расказала мама? Пра Франца. Яна ўгледзела ўжо на агародах Паліну, што бяжыць да іх, паказвае ў яе бок. Што ім сказаць? Павязуць у атрад, а там што? Ці зь ім гэтак жа будзе, як з трыма нямецкімі афіцэрамі. Самі перайшлі да партызанаў, уцёкшы з Бабруйскага аэрадрому, а датуль працяглы час пастаўлялі атраду розныя зьвесткі, мэдыкамэнты. На машыне прыкацілі, усяго навезьлі. Іх спачатку прынялі з пашанай, нават пісталеты не адабралі. А потым — арыштавалі. Быццам атруту знайшлі. Паліна бацьку давярае, яго спакойнай разважлівасьці, вопыту, ну ня Паўлу ж верыць — такому ж, як сама, школьніку? Для школьнікаў усё адразу ясна. А бацька ўсумніўся:

— Які там мыш’як? Для сябе ампулу зашылі ў каўнер. Не да цешчы на бліны ехалі. А ў нас рады прыдумаць: хацелі атруціць некага, камандаваньне! Адзначыцца трэба было асобаму аддзелу — вось і ўвесь мыш’як. Жывога немца ідзі, злаві, а тут самі ў рукі прыйшлі.