Читать «Нямко» онлайн - страница 16

Алесь Адамовіч

— Wie bei einem Kommando! — і сам пераклаў: — Як па камандзе!

Самае дзіўнае: пачынае здавацца, што ня толькі над галавой выбухаюць пупышкі — бярозавыя бомбачкі! — але і далёкія-далёкія чуеш, гук зьліваецца ў агульны электрычны шэлест.

I тут Паліна і Франц нырнулі на зямлю: як быццам цела пранізаў віск сапраўднай бомбы. Як стаялі, так і ўпалі, схапіўшыся за рукі, пацягнуўшы адно аднаго дадолу: убачылі сярод дрэваў людзей, рух сярод нерухома белых бяроз. Зялёныя мундзіры — немцы! Франц панічна зашнырыў рукой у кішэні, ярасна спрабуе адарвацца ад рук Паліны, адкаціцца ўбок: гэта ён гранату выцягвае — Паліна ўбачыла чорнае яйка і яшчэ болып учэпіста ўпілася ў ягонае рукаво! Кінь, кінь, выкінь!

Няўжо і сапраўды ёсьць нешта страшнейшае за сьмерць? Ды колькі хочаш — у гэтым жыцьці, не адзін чалавек у гэтым пераконваўся. Вось і Франц вырашыў: «крывавае мяса», але толькі каб ня ўзялі яго жыўцом, не прызналі ў ім «свайго», немца! Змог бы ён ці ня змог — калі б нt перашкодзіла Паліна, — хто ведае. Але што ён болmi, чым сьмерці пужаюцца, сваіх спужаўся — гэта было. Такое бывае зь людзьмі.

Зь нейкага часу мяне займае пытаньне: што было ў фюрэрах XX стагодзьдзя, што магло мёртва паралізаваць волю іншых людзей? Ці, можа быць, г э т а знаходзілася, зьмяшчалася ня столькі ў фюрэрах, «правадырах», колькі ў навакольных людзях? Якое такое рэчыва зь лішкам прысутнічала, вылучалася арганізмамі XX веку?

Сцэна. «Пры нас» гэта адбывалася, але зразумець да канца гэта немагчыма нават сучасьнікам, ня кажучы ўжо аб тых, хто ідзе на зьмену.

За сталом сядзяць салідныя людзі — і ня проста, а тыя, каго называюць «людзьмі навукі», «людзьмі мастацтва», у іх вытворчая нарада. Не сядзіць, а ходзіць толькі адзін чалавек, ходзіць за сьпінамі тых, хто сядзіць, раскурвае сьмярдзючую люльку, папыхквае. У нейкі момант, калі галоўныя пытаньні «вырашылі», той, хто праходжваецца, прамаўляе за сьпінамі:

— А цяпер мы павінны разгледзець пытаньне аб варожай дзейнасьці таварыша Н. у галіне тэатральнай справы.

Уявім сабе, што не ўсяго толькі словы прагучалі, а блізкая, «на паражэньне», аўтаматная чарга — як паводзілі б сябе ўсе гэтыя людзі? I той, зь люлькай? Мабыць, апынуліся б пад сталом. Страх сьмерці іх скінуў бы туды, на падлогу. Але каб ускінуцца на стол і пеўнем закукарэкаць (а менавіта гэта адбылося ў рэальнасьці) — тут страху сьмерці мала. Трэба яшчэ, каб волю сваю ты (сам) некаму перадаў. Як кажуць, дэлегаваў — чалавеку-вампіру. Смактуну чужой волі.

У спробе схавацца ў сьмерць Франц, што курчыўся на зямлі, быў адным з такіх — з абязволеных вампірамі. Ну, а па наш бок — ці шмат было зь нявысмактанай воляй? I як нялёгка, няпроста яе сабе вярталі — і тады, у вайну, і шмат гадоў, ды не, дзесяцігодзьдзяў пасьля.