Читать «Нямко» онлайн - страница 20

Алесь Адамовіч

Успамінала яна цяпер пра гэта? Куды ад памяці схаваесься? Але цяпер нават сьмерць ня дужа хвалявала, болып пужала — грубай прастатой і канчатковасьцю. Гэтыя паўсатлелыя косткі нядаўна жывых знаёмых ёй баб, мужчын, дзіцячыя, яны пазбаўлялі цябе ўсякай надзеі. Кладучы крыж усьлед за Францам, але справа налева, як мама хрысьціцца, як гэтыя некалі хрысьціліся (хто старэйшы быў і чые косткі перад вачыма), Паліна толькі адгароджвала сябе ад памерлых, набліжэньня не адбывалася. Хаця нават у Франца, чужога тут, яна бачыла, было інакш. Што ж яна за вырадак такі? Вось тады — незразумелая страсьць шукаць саромна-забароненае (і дзе, у чым?!), а цяпер — натужная няздольнасьць далучыцца д а нечага, што яна ўжо ведае: ёсьць, ёсьць, і с н у е, але ёй пазнаць ня дадзена.

— У вас у школе маліліся? — спытаў раптам Франц.

— Не, вядома! — Паліна чамусьці пачырванела.

— I ў нас таксама: вядома! Але бацька і асабліва мутэр — вельмі веруюць. Фюрэра яны толькі баяцца. У вас мала цэркваў, дзе ў вас вянчаліся (ці як гэта)?

— У сельсавеце.

— Гэта… а, муніцыпалітэт! Каля пня? Старажытныя германцы так рабілі. Ці гэта гістарычны жарт, ня ведаю.

Аднойчы раньнім сьвітаньнем Паліна ўбачыла, што Франц ходзіць па папялішчы яе хаты, уважліва разглядвае ў сябе пад нагамі, нешта шукае. Мабыць, косьці Ота хоча і баіцца пабачыць.

Кучарыха «з працы» звычайна ішла, не аб’яўляючы пра гэта Паліне, Францу: зьнікала і ўсё, прыходзілі ў свой двор, а яна ўжо там, варыць вячэру ці сьпіць, загарнуўшыся ў калгасную сваю целагрэйку.

На гэты раз чамусьці разьвіталася. Падышла. — Ну я там сабрала, і там, і там. Я пайшла — пахавайце.

Паліну потым мучыла памяць, здагадка: яна сказала «я пайшла — пахавайце!» Ведала, што зараз ляж а і памрэ? Калі яны з Францам вярнуліся «дахаты», Паліну ўразіла, як па-дзіцячы сьпіць яе маці. Ірваныя свае салдацкія чаравікі акуратна паставіла ля галавы (бацька заўсёды сьмяяўся з Паўла, калі ён так рабіў па сялянскай звычцы), руку паклала пад шчаку, босыя ногі, падціснуўшы, схавала ў даўгой сваёй спадніцы. Гаманілі ўпаўголасу: няхай пасьпіць. Згатавалі вячэру, сталі будзіць, а яна…