Читать «Нямко» онлайн - страница 19

Алесь Адамовіч

Кінулася брату на шыю.

— Вось што з намі, Паўлік, зрабілі, пабілі, папалілі!

— Бачу! — які ж ён стаў худы, вочы ўваліліся, рука падвязаная. Зморшчыўся: Паліна неасьцярожна кранула яе.

— Паранілі цябе?

— Ды ерунда!

У яго ўсё глупства, драбяза. Раптам прыкінула: а яны, бадай, аднагодкі з Францам, васямнаццаці няма.

— Донька, дзе вы там ходзіце? А ён дзе? — спытала Кучарыха. Сказала, расказала пра Франца, пра немца!

— Ну дзе твой фрыц? — пацікавіўся Павал.

Лазарчук, што стаяў ля каня, глядзіць дапытліва. Вочы незнаёма жорсткія. Аброс так, што і хвацкія бакенбарды яго зьніклі. Як часнык у лебядзе ў дрэннай гаспадыні.

— Ой, мама! — Паліне чамусьці лягчэй сваю нечаканую выдумку-хлусьню паведамляць усім праз маці. — Забралі Франца! Нейкія зь ня ведаю яккога атраду. Забралі гадзіньнік, боты, як я пабачылі шкарпэткі з блакітным паяском: «А, немец!» I павялі. Я ўжо ім і пра тое, як ён нас выратаваў, што ён не забіваў, не паліў, — не паверылі, забралі. Ня ведаю, што зь ім зробяць.

— А што зь ім рабіць? — глуха вымавіў Лазарчук. — Ясна што.

— Ён жа нас ад лютай сьмерці… — узмалілася Кучарыха.

— Дайце, маці, за зло расквітацца. А ўжо затым астатняе, — абарваў яе Лазарчук. Умяшаўся Павал:

— Мы вас, мама, з Палінай забяром у атрад, калі назад паедзем. Што вам тут цяпер заставацца? Праз пару дзён. А то яшчэ карнікі вернуцца. У нас тут у яме бялізна ёсьць, хлопцам, ды і мне — пераапрануцца. Завашывелі.

— А як жа! I сала, і сухары. Вось Паліна, злазь, дачушка.

А празь нейкі час брат непрыкметна адвёў Паліну ўбок.

— Дык, кажаш, павялі?

— А вы б што зь ім? А, Паўлік?

— Ня ведаю, як у атрадзе. Вунь у Лазарчука ўсю сям’ю выбілі, нікога не пакінулі. Ох, і палітыкі вы з мамай! Калі недалёка павялі яго, няхай ён ідзе. Раз вы кажаце, што ён такі.

— Дык ён забіў немца, яму нельга вяртацца!

— Ну ня ведаю.

8

Воддаль, над лесам, а часта і проста над спаленай вёскай пралятаюць самалёты. Франц, прыхіліўшыся да дрэва, з хлапчукоўскай дасьведчанасьцю абавязкова паведаміць марку: «мэсэршміт», «фокевульф», Паліна ў такія хвіліны раўніва заўважае, як позірк яго на час некуды аддаляецца, затуманьваючыся. Гэта ягоная Германія лётае. А сам жа ад яе хаваецца і больш за ўсё баіцца, што яна яго адшукае. Маці таксама ўсё часьцей адыходзіць у сваю далеч, усё менш у яе размоваў з жывымі, яна цалкам — зь нябожчыкамі.

— У сьне прыходзяць: «ПІто ж ты нас, Кучарыха, нашы белыя косьці зямелькаю не прысыплеш?» Трэба ім, дзеткі, магілкі выкапаць.

Цяпер Паліна з Францам ходзяць усьлед за ёю, закопваюць тое, што яна сабрала на пажарышчах. 3 рыдлёўкай, з кашом пераходзяць з двара ў двор. Франц на агародзе рые невялікую, але як мага глыбейшую яму («Каб, дзеткі, не адкапалі іх ваўкі, сабакі не расьцягвалі»), Паліна, сабраўшы ў кош тое, што засталося ад сямейкі, нясе да ямы — закопваць. Перад гэтым магілку высьцілаюць расквечанымі галінкамі з гаспадаровай ігрушкі ці вішанькі, прысыпаўшы, Франц спэцыяльным валікам з круглага паленца выціскае на вільготным пяску крыж. Моўчкі перахрысьціцца, і Паліна таксама. Няпраўдай было б сказаць, што яна раней ніколі гэтага не рабіла. Гэта яе таямніца, салодкая і саромная. I не набожнасьць у ёй тады прачыналася, а, бадай, нешта зусім іншае. Спачатку яна рабіла гэта ў гумне, на таку, што соладка пах нагрэтымі снапамі, сенам. Зладзейкавата пракрадалася туды, станавілася наўколенцы на зацьвярдзелую гліну і пачынала шчыра хрысьціцца і класьці паклоны. Перад гэтым пасьпешліва і груба мазала вусны памадай, падоранай ёй дачкой лясьнічага Эвірай, хвалюючы пах нецяперашняй, чаканай жаночай долі дадаваў сораму і забароненасьці. Зойдуць і пабачаць, і што ты будзеш казаць? Стала гэта рабіць у хаце, перад маміным абразком, і менавіта тады, калі нехта блізка быў: на кухні ці за вакном гамоняць маці з суседкай або з бацькам — вось-вось зойдуць! Нават у школе рызыкавала гэта рабіць, калі ўсе пабягуць на перапынак (у той жа Эвіры спэцыяльна дзеля гэтага выпрасіла маленькі авальны абразок) — вось дзе пачуцьцё сорму і забароны было самае вострае. Забягуць, пабачаць — пасьля гэтага жыць стане немагчыма. Толькі памерці!