Читать «Нямко» онлайн - страница 17

Алесь Адамовіч

— Ня вашы, ня немцы! — крычала Францу Паліна, а ён быццам аглух, усё вырываецца, хавае пад сябе гранату.

Нарэшце, здаецца, сам разгледзеў, што набліжаюцца людзі, хаця і са зброяй, але ў звычайным цывільным адзеньні, якое і на ім, і толькі адзін зь іх ва ўсім нямецкім. У дзьве рукі, Франц і Паліна, сунулі чорнае яйка сьмерці пад леташняе лісьце і адскочылі ўбок. Гэта не маглі не заўважыць тыя, хто падыходзіў. Адзін зь іх, ва ўсім зялёным, раней, чым наблізіцца да іх, завярнуў да таго месца, дзе пакінулі гранату. Калупнуў чаравіком, нагнуўся і падняў. Гучна хмыкнуў. Калі нарэшце ён павярнуўся сьпінай, на яго нямецкай пілётцы Паліна разгледзела чырвоную зорачку — ззаду, ён чамусьці яе адзеў перадам назад. У двух другіх чырвоныя стужкі — на зімовых шапках. На адным кажушок, на другім сьвітка, ня лепшая, чым Францава. У «немца» варашылаўскія вусікі. (Франц таксама адзначыў: як у фюрэра!) Паліна трымае руку каля рота як бы ад спалоху, але гэта для Франца: падказвае яму, нагадвае, што ён нямы. Пастух калгасны, дурненькі. О Божа, гадзіньнік! Вось яго забыліся зьняць з рукі, схаваць: тоненькі, ня наш, адразу бачна. А яшчэ боты нямецкія! «Немец» прыглядаецца да Франца нейкім паляўнічым позіркам.

— Нямы ён, гэта мой брат, — тут жа затараторыла Паліна, сама адзначыўшы, якім раптам бабскім зрабіўся яе голас.

Прыжмураныя вочы «немца» з вусікамі (ён самы нізкарослы з усіх) не адпускаюць Франца, і той, бедны, стаіць перад ім, як перад начальнікам.

— Адкуль такі? — паказаў на гадзіньнік. — Трафэйны? Боты таксама? I ўвесь час падкідвае на руцэ Францаву гранату.

— Брат, кажаш? — павярнуўся да Паліны і раптам — да Франца: — Як цябе звалі, калі ўмеў гаварыць? Імя як тваё? Што на яе глядзіш, я ў цябе пытаю? Пакажы гадзіньнік. Замаскіраваўся, толькі б дома адседзецца. На цябе можна пліту мінамётную ўзваліць. Станкач неразабраны.

У адной руцэ ў «немца» Францава граната, у другой ужо і гадзіньнік. Цяпер ён позіркам ацэньвае боты.

— Трафэйныя, давядзецца здаць.

Твар прыдуркавата-строгі — вялікі, мабыць, майстар па трафэях. Яго саўдзельнікі глядзяць на яго таксама цікаўна. Ткнуўшы пальцам у самага пажылога, загадаў Францу:

— Вось зь ім памяняйся.

Ох, і сказала б яму Паліна, калі б не баялася, што разгадаюць, хто такі Франц. Няхай забіраюць усё, абы толькі адчапіліся.

— Ну што ты, як певень перад курыцай, тупаеш? — уляцела і пажылому партызану ад «Варашылава». — Здымай і мяняйся. Бачыш, хлопец рашыў памагчы народным мсьціўцам! Раз сам не ваюе, няхай паможа.

Разглядае Францаў гадзіньнік ужо на сваім запясьці:

— Во, тут не па-нашаму напісана. Нарэшце пацікавіўся:

— Вы зь якой вёскі?

— Зь Петухоў.

— Дык вас жа спалілі.

— Гэта мы ведаем.

Усё-ткі зьбянтэжыўся.

— Вы ня крыўдзіцеся. Мы ня ведалі, што вы петухоўскія.

Але чамусьці не вярнуў «трафэі».

7

Дзень пачаўся, як звычайна. Прачнуліся ў ранішнім сутоньні густога лесу пад яловым шатром-балдахінам. Па адзін бок таўшчэзнай яліны з падцёкамі смалы ляжала Паліна, акрыўшыся старэнькай з праплешынамі плюшавай жакеткай, па другі, нацягнуўшы да падбародзьдзя вясковую ваўняную сьвітку, — Франц. Змрочнае дрэва паміж імі, як строгі вартаўнік. Парушальнікаў не было: паспрабаваў бы гэты немец яшчэ раз, як тады! Дасюль на шчоках, на лбе ў яго меткі ад кіпцюроў Паліны. Весела скардзіцца, што кляшчы на яго дажджом сыплюцца. Во, і на шыі, і за вухам. Паліна йаглядзела (пакорліва схіліў каротка голеную галаву), нераканалася: чарнеюць адарваныя галоўкі, скура запалілася. Ня хлопец, а трыццаць тры няшчасьці, гэты Франц. Беды на яго сыплюцца, як гэтыя кляшчы.