Читать «На вішнёвай вуліцы» онлайн - страница 4

Іван Навуменка

У гэтыя дні да Сяргея прыйшла рашучасць. Немцы к лету адрамантавалі чыгунку, і цяпер па нашых-жа рэйках ляцелі на ўсход нямецкія вайсковыя эталоны. Глядзець на гэта было балюча і крыўдна. У Бацькавічах на адкрытыя платформы грузілі калёсы, якія вырабляліся з нашага-ж дрэва ў былой леспрамгасаўскай майстэрні. Гэтая майстэрня стаяла на самым водшыбе сяла, і ахоўваў яе ўсяго адзін паліцэйскі.

Аднойчы ў ціхі майскі вечар Сяргей цвёрда заявіў сябрам, што не мае намеру сядзець склаўшы рукі. Ён заклікаў хлопцаў уключыцца ў вайну з фашызмам неадкладна, з тым разлікам, каб сеяць сярод фашыстаў паніку, зрываць іх вайсковыя падрыхтаванні. Сябры згадзіліся, што настаў час дзейнічаць.

Тады і спалілі майстэрню, дзе вырабляліся калёсы для немцаў. У тую ноч, калі палілі май­стэрню, Сяргей паверыў самому сабе, што ён умее не баяцца. Гэта было вельмі важнае па­чуццё—не баяцца смерці.

Услед за радасцю першай перамогі прыйшло i засмучэнне. У Бацькавічы час-ад-часу прыходзілі звесткі пра скінутыя пад адхон нямецкія эталоны пад Пціччу, Рэчыцай, Гоме­лем, пра разгромленыя нямецкія атрады. У Бацькавічах пасля спаленай майстэрні не было болей ніякай вайны супраць фашызма. Камендант Шпек па гэтай прычыне, мабыць, радаваўся. Яму, можа, сам Гітлер аб'явіў падзяку за гэты парадак i спакой. Усе тыя дні Сяргей хадзіў сумны i прыгнечаны. У групе была толькі адна вінтоўка, адзін абрэз і чатырнаццаць патронаў. 3 такой зброяй не наваюеш. Сувязь з партызанамі, якая наладзілася ўпачатку вясны, зноў парвалася.

У гэты час якраз і наважыў Сяргей схадзіць у жэніну вёску. Мінулым летам каля яе праходзіла наша абарона, і ў акопах мусіла застацца якая-небудзь зброя.

Сяргей цэлы дзень вандраваў па лесе i толькі пад вечар знайшоў дзве лімонкі. Гэта была добрая знаходка, i дзеля яе варта было яшчэ раз прыйсці ў гэты лес, дзе, можа, калінебудзь хадзіла i Жэня. А вечарам, схаваўшы ў лесе гранаты, Сяргей прыйшоў у жэніну вёску. Ён распытаў, дзе знаходзіцца яе дом, і сеў на лавачку каля веснічак. Хлопец чамусьці верыў, што Жэня павінна адчуць, хто яе чакае, і выйсці да яго. Ён чакаў можа цэлую гадізну і дачакаўся сваёй дзяўчыны. На зямлю ўжо спусціўся ціхі летні вечар, калі, нячутна адчыніўшы веснічкі, на вуліцу выйшла Жэня. Хлопец яе адразу пазнаў і паклікаў да сябе.

— Сяргей!—працяжна прамовіла Жэня.— Як ты да нас трапіў?

Хлопец не ведаў, што адказаць. Ён толькі глядзеў на яе твар, на яе стройную постаць, слухаў яе пяшчотны, пералівісты голас.

Яны селі на лавачку. Над лавачкай, як i там, у Бацькавічах, была вішнёвая навісь, з неба пазіралі на зямлю тысячы зорак, недзе, аж пад самым лесам, званілі начэпленымі на шыі званкамі коні. Сяргей нешта расказваў, і яму было добра і лёгка на душы. На другім канцы вуліцы раптам зайграў гармонік, і дзяўчына ўстрапянулася, нібы спалоханая птушка.

— У нас вечарынка сёння,Сяргей,—паведаміла яна.—Сумна ў нас, паліцэйскім самагонку носім, каб дазволілі патанцаваць...

— Я цябе нікуды не пушчу, Жэня,—хлопец лёгка прытуліў дзяўчыну да сябе.