Читать «На вішнёвай вуліцы» онлайн - страница 3

Іван Навуменка

Але ў каханні важна якраз не тое, пра што гаворыцца,—куды важней другое: як гэта ўсё гаворыцца. Дзяўчына, мабыць, адчула ў сяргеевым голасе не толькі глыбокае пераконанне чалавека, які разбіраецца ў палітыцы, але i нешта другое, болей важнае для яе, бо даверліва прытулілася да хлопца.

Гэты трапяткі, даверлівы дотык пляча дзяўчыны прымусіў Сяргея перайсці з пытанняў міжнародных адносін да пытання, якое болей за ўсё хвалявала i яго самога—іх адносін з Жэняй.

Сяргей прызнаўся ў той вечер у каханні, хоць пра яго пачуццё дзяўчына, напэўна, веда­ла i раней. Яна ўспрыняла яго словы з прыкметнай радасцю, але сама маўчала. Тады Сяргей патрабаваў адказу і ў яе. Яна таксама мусіла прызнацца...

Ужо світала, калі Сяргей адважыўся пацалаваць Жэню.

Тыдняў праз тры пасля гэтага спаткання пачалася вайна. 3 таго вечара, праведзенага з Жэняй на вішнёвай вуліцы, Сяргей болей не бачыў сваёй дзяўчыны. Яна жыла ў другой вёсцы, дзе не было дзесяцігодкі, i пайшла дамоў у тую-ж раніцу, якую яны сустрэлі разам.

У пачатку вайны Сяргей быў цвёрда пераконаны, што нашы самае большае праз тры месяцы скруцяць фашыстам рогі. Выйшла інакш. На другім месяцы вайна падкацілася да Бацькавіч, i Сяргей разам са сваімі сябрамі наважыў рушыць у эвакуацыю. Яны-такі i рушылі, мужна перанёсшы слёзы i нязгоду сваіх матак. Па сяргеевых звестках, Жэня, дачка агранома, таксама падалася ў глыбінныя раёны.

Але адыйсці далёка ад родных Бацькавіч Сяргей са сваімі сябрамі не паспеў. Калі хлоп­цы з поўнымі сухароў і кніг торбамі падыйшлі да Дняпра, недзе за ракою ўжо самкнуліся нямецкія танкавыя кліны. Пераправа праз Дняпро была разбурана, а «юнкерсы» і «месершміты» бамбілі ўжо далёка наперадзе.

У ляску прыдняпроўскай вёсачкі хлопцы знішчылі дакументы, якія, на іх думку, маглі выдаць фашыстам ваенную і дзяржаўную тайны. Былі спалены пасведчанні на значкі ПВХО, ГТОг ЮВС, ГСО, білеты Мопра і Саюза ваяўнічых бязбожнікаў. Толькі комсамольскія білеты хлопцы панеслі з сабой назад у Бацькавічы, схаваўшы іх пад узадраныя сцелькі чаравікаў.

Сяргей успамінаў Жэню. Гэты ўспамін заўсёды нёс з сабою лёгкі смутак па той незабыўнай сустрэчы на вішнёвай вуліцы.

Перад вясной ужо Сяргей даведаўся, што Жэня ні ў які тыл выехаць не змагла. Яна жы­ла, выходзіць, увесь час побач з ім, за якіх-небудзь дванаццаць кілометраў. Калі Сяргей думаў пра вайну, пра свой удзел у змаганні, у яго вачах нязменна паўставаў вобраз Жэні. Ён бачыў сваю дзяўчыну ў ролі санітаркі, якая перавязвае яго, параненага і скрываўленага, маляваў сябе ў якасці партызанскага разведчыка, які прыходзіць у жэніну вёску, а яна, патаемна ад сваіх родных і блізкіх, перадае яму патрэбныя звесткі. Сяргей адчуваў, што ў яго нібы вырастаюць крыллі, што ён дужы, смелы і вынаходлівы...