Читать «На вішнёвай вуліцы» онлайн - страница 5

Іван Навуменка

Яна не супраціўлялася і, абняўшыся, яны прасядзелі, можа, большую палавіну гэтай ночы. Побач была Жэня, i Сяргею цяпер усё ўяўлялася лёгкім, ясным i нястрашным. У палове ночы ў небе пачулася ледзь улоўнае роўнае гудзенне самалёта. Самалёт ішоў, здаецца, пад самымі зоркамі, яго агнёў не было відаць.

— Наш самалёт,—сказаў Сяргей з радасцю ў голасе.—У нямецкіх зусім другі гул матора...

— Мяне дома чакаюць, Сяргей,—падхапілася Жэня.—А дзе-ж ты будзеш начаваць?

— У вас на сене,—сказаў Сяргей.—Ты мне чым-небудзь накрыцца вынесеш...

Яна вынесла яму кубак малака, і ён спаў, накрыўшыся жэніным старым паліто...

Жэня пасля гэтага спаткання стала яшчэ больш блізкай i роднай. У сяргеевай душы было такое адчуванне, што ён ведае яе даўно-даўно. Яна сказала, што прыдзе ў Бацькавічы, i Сяргей чакаў гэтай сустрэчы.

Справы групы пайшлі лепш. Сяргей пасля спаткання з Жэняй хадзіў на сувязь з партызанамі, гэтая сувязь цяпер стала больш трывалай... А на фронце нашы адступалі. Баі ця­пер ішлі недзе аж за Донам. Нямецкім зводкам верыць не хацелася, i сяргеевы сябры падаліся аж у суседні раён, дзе надзейны чалавек меўся дастаць лямпы для радыёпрыёмніка. Сяргей застаўся адзін. Яму было трывожна i маркотна.

У той дзень, калі прыйшла Жэня, на бацькавіцкіх парканах паявіліся афішы, у якіх паведамлялася, што ў мясцовым клубе выступяць артысты. Артысты мусілі прыехаць з горада, каб за нямецкія грошы рабіць прадстаўленне, i таму Сяргей ужо загадзя думаў пра ix зняважліва. Ён наважыў у клуб не ісці. Нічога добрага там не магло быць, паколькі гэтае прадстаўленне дазволілі немцы.

Сяргей сустрэў сваю дзяўчыну гэтак-жа, як летась — на тым-жа дашчаным тратуары, у такім-жа, як i тады, акружэнні дзяўчат. Яна адыйшлася ўбок i прапанавала Сяргею схадзіць на вішнёвую вуліцу. Яна сказала «на нашую вуліцу», i хлопец адчуў, як нейкая вялікая, гарачая хваля напоўніла ўсю яго душу, паглынула ўсе іншыя жаданні, апрача жадання быць побач з ёй, глядзець ёй у твар, адчуваць дотык яе лёгкай рукі. Ён хацеў бачыць сваю дзяўчыну толькі такой, як у тыя папярэднія два спатканні. I вось яна ідзе побач з ім—ціхая, задуменная, блізкая. Яна стала яшчэ прыгажэйшай, яго дзяўчына...

Яны селі на тую лавачку, i Сяргей забыў пра ўсё на свеце. Не было цяпер ні вайны, ні немцаў у Бацькавічах, ні спаленай майстэрні, ні сяброў, якія недзе вандравалі. Была адна толькі Жэня, якая даверліва прытулілася да сяргеевага пляча, якая таксама ніколі не за­бывала яго. Вішнёвая вуліца жыла сваімі прывабнымі вячэрнімі шорахамі, і гэтыя шорахі гучалі, як неразгаданая цудоўная музыка жыцця.

Раптам крокаў за поўсотню ад лавачкі бліснулі агеньчыкі кішэнных ліхтарыкаў, і Сяргей зразумеў—ідзе нямецкі патруль. У тую-ж хвіліну дзяўчына схапіла яго за руку і амаль сілком пацягнула ў чужы, незнаёмы двор. Затаіўшыся за вішнямі, яны чакалі, пакуль пройдзе патруль.

— Прысядзь,—шэптам сказала Жэня.—А то ўбачаць...

Патруль слізгануў ліхтарыкам па вішнях i пайшоў далей.

— Давай будзем сядзець на прызбе,—пра­панавала Жэня. — У двары немцы не ўбачаць. Абрыдзела гэтая вайна. Хутчэй-бы які-небудзь канец.