Читать «На вішнёвай вуліцы» онлайн - страница 2

Іван Навуменка

Дзяўчына ўвайшла ў сяргеева жыццё мінулай вясной, якая так шмат чаго абяцала. Звалі яе Жэняй, і вучылася яна на адзін клас ніжэй за Сяргея. У Жэні былі вясёлыя сінія вочы, светлыя косы і гнуткая, павабная постаць. Бо­лей нічога пра Жэню Сяргей сказаць не мог, ды болей нічога не варта было i гаварыць.

У школе Сяргей рэдагаваў насценную газету. Аднойчы яму падалі заметку, у якой паведамлялася аб тым, што Жэня прапускае ўрокі фізкультуры. Ён, як рэдактар, прыкідваў ужо, якую пад заметкай намаляваць карыкатуру. Калі рыхтавалі выпуск насценгазеты, да Сяр­гея падыйшла Жэня. Яна аднекуль даведалася пра заметку і ціхім, вінаватым голасам папрасіла яе не змяшчаць. Сяргей чамусьці разгубіўся і паабяцаў праверыць факты. Фактаў ён не правяраў, бо назаўтра атрымаў ад Жэні запіску. Яна дзякавала яму за тое, што заметка не паявілася ў насценгазеце, і прасіла даць ёй пачытаць якую-небудзь цікавую кнігу. Кнігу Сяргей дзяўчыне прынёс, і ў ёй ляжала ўжо яго запіска. Так ён упершыню здрадзіў свайму радактарскаму абавязку.

Сябрам сваім Сяргей не сказаў пра Жэню ні слова... А пасля гэтага было многа запісак. Некаторыя былі нават напісаны чырвоным чарнілам. Спатканне-ж было толькі адно, i можа таму яно запомнілася да самых малюткіх дробязей. Вечарам таго дня, калі здавалі апошні экзамен, Сяргей асмеліўся адбіцца ад талакі хлопцаў, якія шпацыравалі па дашчаным тратуары, і прыблізіўся да дзяўчат, сярод якіх была і Жэня. Хітрыя ад прыроды дзяўчаты, у адрозненне ад сяргеевых сяброў, адразу скемілі, чаго хоча Сяргей. Для прыліку яны шчабяталі аб кнігах і экзаменах і непрыкметна падвялі хлопца да вуліцы, дзе не было ліхтароў, але затое было вельмі шмат лавачак пад белымі ад квецені вішнямі.

Сяргей застаўся са сваёй дзяўчынай адзін на адзін. Гэта быў той момант, да якога хлопец у думках даўно рыхтаваўся, i, мабыць, як гэта часцей за ўсё здараецца ў жыцці, аказаўся зусім не падрыхтаваным. Сяргей абмяняўся з дзяўчынай думкамі наконт надвор’я, і на гэ­тым пункце размова мусіла прыпыніцца. У роце ў Сяргея перасохла, голас зрываўся, сэрца тахкала так моцна, нібы хлопец толькі што адолеў высокую гару. На сённяшнім апошнім экзамене Сяргей хваляваўся ў сто раз меней, чым тут, на лавачцы пад вішнямі, дзе не было ніякіх экзамінатараў.

Выручыла радыё. А палове дванаццатай сталі перадаваць апошнія паведамленні, і голас дыктара выразна далятаў уначы да вішнёвай вуліцы. Па радыё перадавалі нямецкае абвяржэнне, у якім катэгарычна сцвярджалася, што на совецкай граніцы не групуюцца ніякія германскія войскі.

Гэтае паведамленне было паратункам для Сяргея. Ён пачаў развіваць свае погляды на­конт міжнароднага становішча, даводзіць дзяўчыне, што нашай моцы немцы баяцца і нiкол і не адважацца напасці на нас. Жэня, ма­быць, не чытала штотыднёвых ваенных аглядаў у часопісе «Огонёк» і таму маўкліва слухала. Высокія пытанні міжнароднай палітыкі занялі тады большую палавіну гэтай незабыўнай майскай ночы.