Читать «На вішнёвай вуліцы» онлайн

Іван Навуменка

Іван НАУМЕНКА

На вішнёвай вуліцы

Апавяданне

Нашы зноў адступалі. Прыколаты булаўкамі тонкі чорны шнурок, які адзначаў лінію фрон­та нa нямецкай карце, зноў перасунуўся в а ўсходнім напрамку. Нашы здалі ўжо і Растоў і Варонеж...

Карту немцы павесілі на сцяне клуба яшчэ ў сярэдзіне зімы. Яны, мабыць, спадзяваліся, што лінія фронта болей не кранецца з месца, пасля ўсяго таго, што называлася ў іх зводках выроўніваннем пад Масквой. Гэтае выроўніванне болей за ўсё на свеце захапляла Сяргея і яго сяброў. Сяргей тады не раз спыняўся пе­ред нямецкай картай, аддаючыся глыбокім стратэгічным разважанням. Калі-б гэтыя разважанні як-небудзь дайшлі да вуха Гітлера або яго намесніка ў Бацькавічах каменданта Шпека, то Сяргею і яго сябрам прыйшлося-б не соладка. Але ні Шпек, ні тым болей Гітлер не ведалі пра існаванне баявой і рашучай у сваіх планах групы ў вялікім раённым сяле Бацькавічы. Удары гэтай трупы па нямецкай ваеннай машыне яшчэ толькі намячаліся, яны цесна звязваліся з наступлением нашых, якое да вясны, па ўсіх разліках, павінна было дакаціцца і да Бацькавіч.

Стратэгічным планам Сяргея і яго сяброў не суджана было збыцца. Чорны шнурок нерухома застыў далёка ад Бацькавіч, якія нават не значыліся на нямецкай карце. Гэты шнурок вужакай абвіўся вакол Ленінграда, i быў прыколаты не так ужо далёка ад Масквы.

Аднойчы шнурок сарваўся з булавак і павіс на верхнім сваім, прымацаваным кнопкай, канцы. У гэтым становішчы шнурка Бацькавічы апынуліся па той самы бок лініі фронта, што І Масква. Сяргей тады цэлы дзень жартаваў i пацяшаўся над немцамі, якія ў сябе пад но­сам не заўважылі новага скарачэння фронта.

Але цудаў на свеце не бывае. Хоць шнурок і вісеў па другі бок Бацькавічаў, але па сяле расхаджвалі жывыя фашысты. Яны высока трымалі свае галовы ў шапках з арламі і ва ўсю моц грукалі каванымі ботамі па дашчатым тратуары. Фашысты па ўсіх прыкметах не збіраліся ўцякаць з Бацькавіч.

Неяк перад вясной Сяргей пачуў нямецкую песеньку, словы якой яму няцяжка было разабраць, хоць яго веды ў школе па нямецкай мове былі не надта ўжо грунтоўнымі. Вясёлы немец-салдат іграў на губным гармоніку і, падміргваючы дзяўчатам, што сабраліся ў клубе, спяваў:

Алес гэйт фарюбэр, алес гэйт форбай,

Вір лаўфэн ім дэцэмбар, ды русэн ім май...

Сяргею падабалася, што салдат у сваёй песеньцы глядзіць на скарачэнне фронта пад Масквой трохі прасцей, чым тыя генералы, што складаюць зводкі. Ён-такі прызнае, што немцы далі добрага драла з-пад Масквы. А наконт таго, што да немцаў вернецца поспех у маі, то бабка, як кажуць, на-двое гадала...

Прыйшла вясна, а за ёй і лета. Свяціла сонца, але ніякай радасці на свеце не было. Цёплыя, ясныя дні нібы пацвярджалі словы песенькі, што спяваў нямецкі салдат. Нашы зноў адступалі...

Летась, калі не было яшчэ ні карты з чорным шнурком, ні немцаў у Бацькавічах, Сяр­гей зусім па-другому глядзеў на свет. Якраз у гэтую вясну ён павінен быў канчаць дзесяцігодку і жыццё, здавалася, раскрывала перад ім свае прывабныя далі. Яно вельмі шмат чаго абяцала на парозе семнаццатай вясны. Патаемна Сяргей не раз ужо думаў пра той момант, перанесены ў прывабную далеч бу­ду чыні, калі злезе ён з поезда ў сваіх Бацькавічах, прывёзшы ў роднае сяло справаздачу аб сваіх перамогах у вялікім свеце. На яго будуць з павагай пазіраць аднавяскоўцы, будуць вітацца з ім за руку. А вечарам яго сустрэне яна, без каторай гэтыя поспехі стануць бледнымі і нецікавымі. Ёй першай ён зробіць самую шчырую справаздачу аб сваіх перамо­гах і сваіх планах.