Читать «Даўняе, незабыўнае...» онлайн - страница 2

Вячаслаў Адамчык

— Чаму-ж без агню сядзіш?

— Яшчэ відно, нашто лішне газу псаваць,— агрызнуўся з печы Сідар.

«Скупы які,—падумаў я сам сабе,—з ім не ўжывеш».

Вешаючы над сталом лямпу, дзяўчына заў~ важыла мяне.

— А хто-ж гэта яшчэ?..—Але пазнала;—Ула­дак! Прытаіўся, а я і не бачу.

Яна пайшла на хату, скінула жакет, зняла з галавы белую вязаную хустку і вярнулася ў кухню, расчырванелая пасля марозу.

Гаварылі, што сіўтукова дачка Зоня ўся ўдалася ў нябожчыцу маці, некалі самую прыгожую дзяўчыну на сяле. Цяпер, седзячы ў іх хаце, я прыпомніў i гутарку на вёсцы, i разам з тым свая нейкая цікавасць прымусіла мяне прыгледзецца да гэтае дзяўчыны.

Цьмяны агеньчык лямпы скупа асвятляў яе постаць. I сапраўды Зоня была прыгожая: чарнявая, не так высокая, але стройная I пад свой тонкі стан здавалася рослай. Яе вочы з дзіцячай неразважнасцю i неяк ужо з дарослай строгасцю глядзелі на мяне,

3 кухні на хату Зоня перанесла лямпу, i хатняя шырыня ўвабрала яе скупое святло, У далёкіх кутках густа асеў змрок. На беляную столь, на сцены, на шэрую нефарбаваную падлогу легла скупая відната,

На сцяне, у фанернай скрыначцы, цікаў гадзіннік. Быў ён куплены дзеля фасону. Стары заўсёды спадзяваўся на пеўня—клаўся позна спаць, а ўставаў рана і заўсёды ўпару.

Мы селі з Зоняй на шырокай лаве, дзе пазней ужо сядзелі разам, як блізкія, і вельмі блізка. Мы разгаварыліся, ды нас перабіў Сіўтук, высунуўшы з кухні даўгаваты, пануры твар:

— От сядзіш, паслала-б хлопцу,

Яна не адгаварвалася. У валёнках на босую нагу i, здаецца, не датыкаючыся імі да падлогі, лёгка выбегла з хаты.

— Мо' ляжаш?—Сіўтук прытупаў да мяне.— Зранку малаціць-жа...

Я не ведаў, што сказаць яму: ці адмаўляцца, ці згадзіцца. «Тут не адпачнеш, успора яшчэ да свету»,—падумаў сабе, але сказаў інакш.

— Ды буду спаць.

Ён засмяяўся, задаволены і, мусіць, рады сваім смехам, заварушыў шчуплымі плячмі.

— Г этак-жам.

Памаўчаў трохі і запытаў потым:

— Куды-ж ад мяне падавацца думаеш? Яно каб была свая зямля, дык, пэўна, калупаўся-б пры доме.

Што я, не ведаючы пра свой лёс, мог адказаць Сіўтуку?

— А хто яго ведае...—і толькі.

— То я скажу,—забубніў ён,—як сабе хочаш, справа твая, ад самога залежыць. Я чалавек такі, калі што якое, то з платаю не пакрыўджу. Ды што гаварыць, некалі спамянеш. Вось, пакуль што да чаго, папрацаваў-бы ў мяне з годзік, а там яно відаць будзе. Ведаеш, занядужаў я, не тыя рукі да работы, цяжка, а зямлі яно належны выраб дай. А ўдвох, нябось, управіліся-б...

Выйсця другога для мяне не было, i я мусіў падацца на не вельмі салодкі батрацкі хлеб.

Зоня прынесла куль свежае жытняе саломы, дастала са свайго куфра здатную дзяругу-пе~ рабіранку ў трыццаць два пруты з прыгожым узорам, можа яшчэ памятку рупнага дзявоцтва свае маці, i мякка выслала мне на падлозе.

Мы клаліся спаць. Патушыўшы лямпу, гаспадар пасунуўся на гарачую печ. Там ён шчыра адгаварваў нанач штодзённую малітву: «Крыжам пасцялюся, крыжам апрануся, з па­нам Язусам спаць кладуся». Дробным гарохам сыпаліся на хату яго набожныя словы.