Читать «Шабаны» онлайн - страница 116
Альгерд Бахарэвіч
Налева будзе нашая вуліца, а калі ісьці проста, па Вільгельмсбургерштрасэ — то неўзабаве патрапіш у самае сэрца Фэдэля, туды, дзе ён пачынаўся. Выспа гэтая стала часткай Гамбургу ў XVIII стагодзьдзі паводле Готарпскай угоды. Сівыя сэнатары, якія прыплылі зірнуць на новых падданых, знайшлі тут цудоўныя лугі і трыццаць чалавек насельніцтва. Фэдэльцы тых часоў гадавалі тут кароў, якія пасьвіліся на мясцовай мураве і давалі такое малако, што яго ахвотна піў увесь Гамбург. Малако вазілі на чаўнах праз Эльбу, а далей на драбінах проста на гарадзкія рынкі. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя Фэдэль стаў часткай гавані, якая імкліва разрасталася ўшыркі. З таго часу тут сталі сяліцца партовыя рабочыя, якім жылося ня надта каб добра і таму яны ўсё часьцей бунтавалі. Каб грузчыкі і лодачнікі не ўступалі ў сацыял-дэмакратычную партыю, гамбурскія купцы пайшлі на хітрасьць і набудавалі тут маленькіх, але ўтульных хатак і за ня надта вялікі кошт прадалі іх рабочым пад лёзунгам: «Кожнаму рабочаму — уласны дом». Лёзунг спрацаваў, сацыял-дэмакраты прыкусілі языкі і не далічыліся ўжо ў наступным годзе некалькі тысяч сяброў. Напрыканцы таго стагодзьдзя быў пабудаваны мост праз Эльбу і стаў працаваць паром — дабірацца да цэнтру стала значна прасьцей. У дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя хаткі пазносілі, у Фэдэлі пачаўся баў-бум: уся выспа была забудаваная дамамі з двухз-паловай-пакаёвымі кватэрамі, прызначанымі для рабочых гамбурскага порту. Паміж вуліцамі Ам Гляйзэ і Вільгельмсбургерштрасэ знаходзіўся так званы Вармвасэрблёк — вялікі дом з прасторным унутраным дваром і гарачай вадой у лазьніцах, для сям’і рабочага трапіць туды было вялікім шчасьцем. У трыццатыя Фэдэль хутка арыізавалі, у кнайпах цяпер сядзелі нацысты, нешматлікіх яўрэяў вывезьлі ў «невядомым напрамку», сацыялдэмакраты закопвалі партыйныя кніжкі ў садах за Гарбурскай шашой, шмат хто перайшоў у НСДАП, дзяцей пачалі рыхтаваць да вялікай вайны. Паралельна ў Вармвасэрблёку сталі праводзіць фэсты, на якія зьбіралася ўся выспа. Але з пачаткам вайны іх давялося адмяніць — першыя бомбы ўпалі на Фэдэль у 1943-м, дзьве зь іх трапілі ў Вармвасэрблёк, астатнія панішчылі некалькі старых, яшчэ мінулага стагодзьдзя дамоў, адны руіны засталіся ад пачатку Фэдэлер Брукенштрасэ. Была пашкоджаная выбухам Імануэлькірхэ. На здымку 1945 году Фэдэль, шчоўкнуты брытанскім лётчыкам, уяўляе сабой відовішча, вартае шкадаваньня: пыл і друз, парэшткі дамоў і лёсаў, і нават сьветлы квадрат у цэнтры, школьная спартовая пляцоўка, выглядае як аэрадром. Але ніякіх аэрадромаў тут не было. Фэдэль расплаціўся за тое, што вакол яго знаходзіліся стратэгічныя аб’екты: галоўны паўночна-нямецкі завод па вытворчасьці медзі, порт, чыгунка…
У шасьцідзясятыя Фэдэль стаў ахвярай дзьвюх вялікіх паводак: неяк уначы Эльба затапіла вуліцы так, што жыхары ратаваліся на дахах, маркотна пазіраючы адтуль на паплаўкі аўтамабіляў — былі і чалавечыя ахвяры; а яшчэ тут пачалі масава сяліцца гастарбайтэры. Танна, блізка ад цэнтру, хай сабе і ня надта камфортна. Эльбу хутка ўтаймавалі, а вось ацаніць належным чынам маштабы другой паводкі ніхто ня здолеў. Айцы гораду і дзяржавы думалі, што гастарбайтэры зробяць сваю працу і зьедуць, шчасьлівыя, з заробкам у дойчмарках у кішэні. Але гастарбайтэрам спадабалася ў Нямеччыне, і яны засталіся. У сямідзясятых пачаўся масавы адток немцаў з Фэдэлю. Яны вельмі хутка сталі тут меншынёй. Фэдэль стаў выспай гастарбайтэраў, час ішоў зусім іншы, ніхто не замыкаў іх за брамамі і не кантраляваў. «Падрапаныя дзьверы, разьбітыя вокны, сьмецьце на вуліцах, душ на гарышчы, прыбіральні на лесьвічных пляцоўках, шумныя суседзі, дзеці якіх дурэлі ў дварах да позьняй ночы, за вокнамі краны гавані, шаша і аўтабан — вось якім паўставаў Фэдэль у вачох гамбуржцаў», піша гісторык. Гэта ўсё яшчэ апісана даволі далікатна: Фэдэль быў крыміналізаваны да такой ступені, што тут сярод белага дня рэзалі як людзей, так і бараноў. Дадамо сюды нежаданьне вучыць мову, поўную пагарду да нямецкіх законаў, перацягваньне ўсіх сваіх сваякоў уключна са стрыечнымі прабабулямі ў зьнятыя два з паловай пакоі… Так працягвалася да канца дзевяностых, калі за Фэдэль нарэшце ўзяліся, пачысьцілі і зрабілі месцам, дзе ахвотна селяцца ня толькі рабочыя, але і студэнты, багема, і, вядома, замежнікі, якіх тут больш за палову насельніцтва — усе, каго прытуляе Гамбург і хто ня хоча жыць у прыгарадзе, але недастаткова багаты для цэнтру. Як і раней, тут адбываецца кругазварот мэблі ў прыродзе: як толькі адны выкідаюць яе проста перад домам, на кожную канапу і на кожнае крэсла знаходзіцца па некалькі ахвотных, што ўжо чакаюць у засадзе ля сваіх пакрытых павуціньнем вокнаў; як і раней, тут хутчэй сустрэнеш турка, афрыканца, паляка, чым немца; як і раней, тут ноччу даволі небясьпечна хадзіць аднаму. Але Фэдэль праяўляе амаль шабаноўскую хітрасьць: яго стракатасьць і хаос абвешчаныя мультыкультуралізмам, па пэрымэтры драцяной агароджы, якая, як высьветлілася, служыла мытнай мяжой, намалявалі сымбалічную лінію разрэзу і мноства нажніцаў. Фэдэльскі бруд абвясьцілі маляўнічасьцю, яго беднасьць — гордай багемнасьцю, а яго шум — прыкметай інтэнсіўнасьці разьвіцьця. Свае былыя мінусы Фэдэль зрабіў фішкай: як-ніяк, Балінштат знаходзіцца менавіта тут — і няхай гэта ўсяго толькі сымбаль, але ён дзейнічае. Фэдэля ўжо не баяцца — тут жывуць. А пара кропляў бруднай вады на джынсах — лічы гэта ініцыяцыяй. Шабаны не знайшлі гэтай фішкі. Інакш здарылася б непапраўнае. Я люблю толькі затанулыя караблі.