Читать «Шабаны» онлайн - страница 119
Альгерд Бахарэвіч
Тут не Кітай, і часы зьмяніліся. Але не забывайся на гэта, вандроўнік і госьць, калі ты зьбіраешся знайсьці ў кагосьці часовы прытулак. Пераступаючы парог чужога дому, пастарайся здавацца дурнейшым і бяднейшым, чым ты ёсьць насамрэч; пошла жартуй і паказвай, які пусты твой кашалёк. Абавязкова распавядзі пра сваіх бацькоў, падкрэсьліўшы пры гэтым, што яны не былі ні зборшчыкамі падаткаў, ні судзьдзямі, ні наглядчыкамі на плянтацыях; бацька — інжынэр, маці — настаўніца. Няхай усе ведаюць тваю радаслоўную, няхай усе пазяхаюць і шкадуюць цябе. Вячэра скончыцца хутка, ніхто ня стане сядзець да раніцы, слухаючы твае аповеды пра далёкія краіны, дзе табе давялося пабываць; усе разбрыдуцца па сваіх пакоях, і толькі сабакі яшчэ доўга будуць абмяркоўваць твой пах, пах чужынца. А ты — ты не забывай быць удзячным: гаспадарам, якім давялося пацясьніцца і адмовіцца дзеля цябе ад сваіх звычак; дому, тонкія сьцены якога парыпваюць ад ветру; палінялай коўдры, якая пахне сродкам ад молі; змрочнай служанцы з радзімай плямаю на паўтвару; агеньчыку лучыны, што дрыжыць на падваконьні — менавіта дзякуючы яму ты заўважыў сярод дрыгвы і цямрэчы чалавечае жытло; і — будзь удзячны нават гэтаму капрызьліваму дзіцяці, што крычыць за сьцяной на самым сьвітанку, бо калі яно нарэшце замаўчыць, табе так соладка будзе павярнуцца на іншы бок і зноў праваліцца ў дрымоту. Сапраўдны сон да цябе, аднак, так і ня прыйдзе, бо ты ня дома, ты госьць, і пакідаць тут душу не ўваходзіць у твае пляны. Таму дзякуй ім усім, няспынна кланяйся і дзякуй.
2011, Langenbroich-Hamburg
Літаратурна-мастацкае выданне
Другі фронт мастацтваў
БАХАРЭВІЧ Альгерд
ШАБАНЫ. ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЗНІКНЕННЯ
Раман
Адказны за выпуск: Зміцер Вішнёў
Рэдактар: Сяргей Шупа
Дызайн вокладкі: Сяргей Кандраценка
Вёрстка: Сяргей Кандраценка
Карэктар: Кацярына Макарэвіч
Аўтар фотаздымкаў: Сяргей Кандраценка
Прыватнае выдавецкае унітарнае прадпрыемства «Галіяфы».
ЛИ №02330/0150300 ад 08.04.2008.
Вул. Брылеўская, 11-44, 220039, г. Мінск.
www.goliafy.com