Читать «Шабаны» онлайн - страница 118
Альгерд Бахарэвіч
А цяпер быў травень, бясконцы, безнадзейны, бяспамятны. Каля малочнага заводу я азірнуўся — тыпа ў кепцы відаць не было, мабыць, збочыў недзе — хаця куды тут было збочваць? Яшчэ трохі, зараз будзе мост, а там ужо празь дзесяць мэтраў ты пабачыш высокія палубы і шэрыя ветразі свайго дому. Я нырнуў пад мост і заплюшчыў вочы, але калі расплюшчыў, то Шабаноў яшчэ не было відно, яны хаваліся, пэўне, у ранішнім тумане. Я засьпяваў песьню чалавека, які хутка пабачыць родны дом, і, з асалодай выціскаючы са сваіх стомленых ног зусім не апошнія яшчэ сілы, амаль пабег у гэты туман. Недзе там, дзе, па маіх разьліках, мусіў знаходзіцца паварот на Шабаны, я пераскочыў з узбочыны ў траву і пайшоў па ёй наўскос, спадзеючыся адчуць неўзабаве пад нагамі асфальт. Тут мусіў быць асфальт, я дакладна гэта ведаў. Але замест асфальту ногі мае праваліліся па калена ў нейкую халодную багну — я ледзь выдраў сябе адтуль, чапляючыся за гальлё навіслага нада мной куста. Вожык у тумане, аблаяў я сябе і выцер красоўкі аб мокрую траву. Уяўляючы, як, толькі пераступіўшы парог бацькоўскай кватэры, залезу ў ванну, я рушыў скрозь зарасьнікі — і выйшаў да нейкай хаты. Страх перад прыватнай тэрыторыяй пагнаў мяне назад, але я зачапіўся за вялікія вілы, што стаялі, прыхіленыя да сьцяны зь бярвёнаў. Грымнуў брудны алюміневы таз, паблізу нехта чхнуў, так чхаюць коні, калі іх будзяць. З хаты выйшаў дзядзька і абыякава паглядзеў на мяне. «Я іду ў Шабаны», — патлумачыў я, нібыта гэта магло быць апраўданьнем. Ён пачухаў грудзі і пачаў расстаўляць у сваім туманным садзе плястыкавыя столікі і крэслы. Я маўчаў, ня ведаючы, што сказаць. «Шабаны? — прамовіў урэшце дзядзька. — Няма тут ніякіх шабаноў» — і я чамусьці задаволена кіўнуў, нібы так заўжды і думаў. «Ты заходзь, — запрасіў ён шырокай, шчодрай рукой, — Заходзь, давай…»
Марка Пола ў сваіх нататках аб падарожжы ў Кітай апісвае жыхароў правінцыі Юньнань. Гэтыя людзі, піша ён, маюць дзіўныя звычаі, сярод якіх асаблівую ўвагу прыцягвае такі: калі ў доме юньнаньцаў спыняецца заможны, прыгожы, паважаны і мудры чалавек, яны забіваюць яго ўначы — не дзеля таго, каб абрабаваць, і не зь нянавісьці да яго; о не, яны робяць гэта, бо ўпэўненыя, што такім чынам душа нябожчыка застанецца пад іхным дахам і прынясе дому ўдачу і шчасьце. Такое забойства ёсьць знакам пашаны і прызнаньня, і сярод жыхароў краіны лічыцца вялікім гонарам быць забітым уначы ў доме юньнаньца.