Читать «Каласы» онлайн - страница 8

Кастусь Цвірка

Герцан

Герцан выратаваў гонар

рускай дэмакратыі,

У. І. Ленін

Ляціць вазок. Раўніны снегавыя. Бывай, мой край, бывай, бывай, Расія! Бяру з сабой смугу тваю i зоры, Твае бары, прасёлкі, тваё гора. Няхай слупы мільгаюць верставыя — Я не ўцякаю ад цябе, Расія. Я не цябе, Расія, пакідаю — Кідаю бенкендорфаў, мікалаяў, Ярмо сваё, ўладзіміркі, казармы Ды вас, літаратурныя жандармы. О як яны цябе ўсе акруцілі, Аблыталі, Расія, аглушылі! Так моцна спіш ты ў снягах. Паслухаць: Ад мора i да мора — глуха, глуха. А голас хто падасць — жандармаў зграя Ўміг рот заткне тут, аплюе, аблае. Расія, я не здраднік твой, я воін, Я еду зброю гартаваць да бою. Так, еду, ды з табою я да скону, Я стану, знай, Расія, тваім звонам, Праўдзівым, непадкупным i магутным, Каб быў ва ўсёй імперыі ён чутны, Каб цар дрыжаў, пачуўшы гэты звон, Каб рухнуў вобзем самаўладдзя трон І на абломках тых, пад небам сінім, Нарэшце ўстала Новая Расія. «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча ў мінскай кнігарні, 1855 год — Ці бачыла, пані Альжбета: Кніжка, пісаная беларускаю мовай! Ха-ха!.. — Як?! Гэтай хамскай, мужычаю, пастуховай? Хі-Хі!.. — Мо і пісалі для хама, што возіцца з гноем няспынна? Ха-ха!.. — Што спіць у бруднай халупе сваей са скацінай! Хі-хі!.. — Mo пан аўтар зрабіць мужыка грамацеем мяркуе? Ха-ха!.. — Чаго добрага, кіне пугу хам'ё ды ў школу яшчэ пашыбуе! Хі-хі!.. — Стане вучоным мужык, будзе пісаць трактаты! Ха-ха!.. — На асамблеі ў сталіцы будзе сядзець депутатам! Хі-хі!.. — А можа, ў міністры паперціся ў лапцях захоча? Ха-ха!.. — На трон каралеўскі у шарачку заскочыць! Хі-хі!.. — Кіраваць яшчэ ўздумае намі, панамі! Ха-ха!.. — З зямлі гэтай нас прагнаць зажадае нашымі ж бізунамі! Хі-хі!.. — Ха-ха!.. — Хі-хі!.. Каліноўскі — апошняе слова

Бывай здаровы, мужыцкі народзе.

Яська-гаспадар з-пад Вільні

Такі іскрысты сёння снег! Такія белыя аблокі! Тут, на зямлі,— не ў сне, не ў сне! — Апошнія лічу я крокі. Да перакладзін чорных тых (Чаму бялеюць ix сукі?) Ўсе дваццаць шэсць гадоў маіх Вядуць стальныя два штыкі. Даруй мне, тата, i бывай: Я не вярнуся ў нашу хату. Больш не адчуць рукою, знай, Тваёй далоні вузлаватай. Даруй, Марыська, родны птах, Я i цяпер, нібы дарункі, На збітым твары, на губах Нясу твае ўсе пацалункі. Даруй, даруй: б'е час разлукі І тую шыю, што твае Так моцна абвівалі рукі, Вяроўка сёння абаўе. Даруйце мне, што ў час юначы Сябе я гэтак не бярог. Паверце вы: я жыць іначай Не мог, не мог, не мог, не мог. Вы знаеце: ні канакрадам, Hi казнакрадам я не быў I казытлівы пах улады, Паверце, ў ноздры мне не біў. Я не таму йду паміраць: Мне напляваць на тыя троны, На каралёў усіх кароны, На крык ix скарбаў — напляваць! Пячэ мне сэрца боль другі: Як ластаўку, на згубу Няшчасны край мой дарагі Дзярэ арол двухдзюбы! Мужык, у крук сагнуты, тут — Ці спёка, ці разводдзе — Валочыць паншчыны хамут З стагоддзя у стагоддзе. Цар толькі прывід волі даў: Па ўсіх палях наўкольных Адзін бізун, як i гуляў, Ізноў гуляе вольна. Ды што цару народа енк, Што слёзы паланянкі: Абы ён толькі піў ды еў Ды ладзіў пагулянкі. Цары ж ca смакам хочуць жыць, Жыць з сэнсам i без сэнсу! Народ ім трэба, каб давіць, Народ ім трэба, каб даіць, Каб, нібы па масту, хадзіць Iм па касцях i сэрцах! Ну, а каб легка клаўся ён Пад царскія падэшвы, Вылазяць зграі халуёў Для «апрацоўкі грэшных». О, я вас знаю, халуі, Пасобнікі разбою! Адна ў вас мара — на чаі Вам кінулі б паболей. Перад дваром вы — бараны, Угоднікі, маўчальнікі — Вам хоць бы выбіцца ў чыны, Пралезці б у начальнікі. Што праўда вам, што вам народ, Што Бацькаўшчыны гора! Вам свой напхаць бы толькі рот, Набіць ядою горла. Вы ўміг тупы цара дэкрэт «Правесці ў жысць» гатовы. З усіх амвонаў i газет Нам «чысціце» галовы. A пікні вам — як чорны зброд, Вы ўсіх распяць ахвочы. Заткнулі вы народу рот I завязалі вочы. О так! З народа можна ўсё рабіць: Масты масціць, вяроўкі віць, Гнуць дугі, круціць атосы, Калі ён нямы, безгалосы! Вось так, народ, ты ланцугі I цягнеш век, нябога. Табе убілі у мазгі, Што гэта ўсё ад бога. Ты за цара ў агонь прывык Ісці, хлуснёй аглушаны, А цар тваёй рукой, мужык, Цябе ж самога й душыць... Калі на край мой крумкачы Ляцелі хіжым роем, Вучыў ты, бацька: лепш маўчы Ды беражы здароўе. Я не паслухаў, выбачай: Безабаронны, клікаў край. I я пайшоў у навальніцу, У бой зацяты — нож на нож. «Мужыцкай праўды» бліскавіцай Я рассякаў нямую ноч... Цяпер — бывай, бывай, народ, Даруй за мой канец такі. Зрабіў я ўсё — на эшафот Вядуць стальныя два штыкі. Усё маўчыць. За небакраем — Палёў заснежаных абрус. Мая прыгнутая, глухая, Мая льняная Беларусь. Там да сяўбы — мне добра бачна — Ужо ладзяць новыя плугі. Ты знай, жандар: не ўсё ў нас страчана — У далях спее бой другі. На скатаванае зямлі Збірай жа, люд мой, новы гром. Я знаю: прыйдзе час, калі Тут станеш ты гаспадаром. Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві у шчасці, жыві у свабодзе I часам спамяні пра Яську свайго, Што загінуў за праўду для дабра твайго.