Читать «Каласы» онлайн

Кастусь Цвірка

Кастусь Цвірка

Каласы

Вершы

Я з той краіны...

Я з той краіны... Я з той краіны, дзе рвуцца з долу Тугія стрэлы хвой карабельных, Дзе, белагрудыя, над вадою Стаяць бярозы, як каралевы. Там пушчы — заблудзішся. Толькі па зорах. Па сцежках зубрыных знойдзеш дарогу. У рэках сонных, у цёплых азёрах Там ходзяць i сёння акунь ды стронга. Я з той краіны, дзе ўранні жанчыны Браць лён ідуць як адна, хаўрусам. Глядзі ды любуйся: воч золак сіні Ды рэчкай з-пад хуст —                              валасы бела-русыя. А хлопцы там — сокалы.                              Дзень у хлопцаў — На зрубах звонкіх, на дрогкіх машынах, А вечар — над ручкі вядуць да варотцаў Пявучых сябровак сваіх з вечарынак. Я з той краіны, што ў век беспрасветны Ясны прамень нарадзіла — Скарыну I песню для славы дала сусветнай Адаму Міцкевічу — роднаму сыну. З краіны, дзе Каліноўскага слова Лес віл ды кос на цара ўздымала, Дзе голасам чыстым у час суровы Зваў з цемры люд свой Янка Купала. Я з той краіны, што мужна сустрэла Браню прышэльца ў дні грозныя тыя, Што ўся — ад неба да неба — гарэла, Як свечка, тысячаю Хатыняў. Там месца нідзе не знаходзілі каты Ад куль партызанскіх i ад гранатаў, Былі ў партызанах там дрэвы i хаты, Была ў партызанах сама зямля там. Я з той краіны, што кранаў рукамі Узнесла з руін гарады, як вясёлкі, Што гуслямі новымі — правадамі Абвесіла ўсе бальшакі i прасёлкі. Разносяць па свеце краіны той славу Асілкі-БелАЗы — шырокі канвеер! Краіны той голас высокі па праву Гучыць паміж роўных на ўсіх асамблеях! Я з той краіны, дзе ліпень купае Зару ўсю ноч у ставах птушыных I дзе стагоддзі агнёў купалля, Чырванакрылых, не патушылі, Дзе песню новую да небакраю Нясе маладосць па шляхах вясновых I плешча мора — вечна жывая, Мая беларуская звонкая мова! * * * Mae землякі —                 людзі не гаваркія. Здаўна пра ix кажуць:                 на словы скупыя. Ды мне яны                 шмат пра сябе гавораць Сваімі жытамі,                 якім не ўстаіцца ніяк ля небасхілаў Асінава                 (каласоў шматгаловае веча!); Волатамі-стагамі,                 што да вясны наваколле духмяняць                 (сабралі ў ix косы ўвесь луг казяльцовы!): Слуцкімі бэрамі срэбралістымі,                 дзе сонца збірае мёд                 у пладоў яснабокіх скарбонкі; Дамамі з узорнымі ліштвамі,                 дзе, вылецеўшы з-пад разца гаспадара,                 паселі навечна — дзюба да дзюбы —                 галубоў неразлучныя пары. Расказваюць мне землякі                 пра сябе красамоўна Вяргінямі ды півонямі,                 што ўсё лета гараць пад вакном                 на высокіх сцяблінах (што паходні!); Ахапкамі маю,                 якім харошаць на свята ганкі i вуліцы                 (пахне ўся вёска тады бярозкамі ды аерам). Пра сябе землякі                 мне вельмі шмат гавораць Нават тады, як маўчаць, Ідучы, прыгорбіўшы плечы, За труною свайго вяскоўца, З якім увесь век аралі i сеялі, Гулялі ўлазіны i вяселлі, Спявалі i плакалі...