Читать «Дарога ў сто год» онлайн - страница 4

Кастусь Цвірка

Зялёная, падобная на вясковую, вуліца завяла ў цэнтр. У раённым гарадку ў цэнтры звычайна сабрана ўсё: райком партыі, райком камсамола, райвыканком, рэдакцыя раённай газеты, РДК, гасцініца, рэстаран або чайная, раймаг, харчовы магазін. На вочы трапілася шыльда: «Любанскі раённы камітэт КПБ». Чаму б не зайсці сюды? Падымаюся адразу на другі наверх. Стукаюся ў дзверы да загадчыка аддзела прапаганды i агітацыі. Павітаўшыся, гавару пра мэту маёй паездкі.

— Гэта цікава,— падымаецца з-за стала загадчык, Сцяпан Іванавіч Ісайка.— Мы якраз ствараем музей. Можна будзе зрабіць стэнд пра Сыракомлю — усё ж такі зямляк. Зайдзіце, калі ласка, да першага сакратара. Я таксама зараз падыду. Памяркуем.

Да сакратара, ды яшчэ першага, сам я ісці не адважыўся б. Я ведаю, як загружаны першы сакратар райкома партыі. Але раз прапанавалі — трэба зайсці.

У прыёмнай пытаюся, ці можна.

— Калі ласка,— адказвае мне дзяўчына-сакратарка.

— А там ёсць хто?

— Ёсць людзі.

Гэта трошкі здзівіла. Я думаў, што, каб папасці да такога начальства, трэба мала ці многа, a пацерці крэслы прыёмнай. А тут — заходзь, калі ласка. На дзвярах пад шклом — шыльдачка «Слабада А. I.». Гэта — прозвішча першага сакратара. Цягну на сябе ручку дзвярэй.

— Можна?

Каля стала стаяць, схіліўшыся, трое. Штосьці абмяркоўваюць: на тварах відаць заклапочанасць. На мяне ніхто не звярнуў асаблівай увагі: заходзь, калі хочаш. Гэта неяк адразу заспакоіла, зняло напружанасць. Падышоў да стала, даў «добры дзень». Сакратар (ён стаяў за сталом) кіўком галавы паказаў на крэсла — пачакаць.

Твар у сакратара адкрыты, просты. Бровы зведзены да пераносіцы: слухае, што даводзіць яму высокі, добра апрануты чалавек, i нешта абдумвае, паціраючы рукой лоб.

Я саджуся, прыслухоўваюся. Пастунова высвятляю, пра што тут гаворка. У адной школе раёна знялі з пасады дырэктара. Знялі таму, што не зжыўся з калектывам, супрацьпаставіў яму сябе, камандаваў, груба абыходзіўся з настаўнікамі. Пра гэта настаўнікі напісалі ў райком. Разбіраліся доўга, дэталёва, гутарылі з усім калектывам. I — знялі. Хоць па паспяховасці з прыходам гэтага дырэктара школа стала адной з лепшых у раёне, за што дырэктар не раз атрымліваў прэміі. Што ж, зазнаўся. А цяпер вось прыйшоў настаўнік школы, член партыі, i даказвае, што дырэктара знялі няправільна. Ён даўно ведае яго — гэта сумленны, прынцыповы камуніст, былы афіцэр Савецкай Арміі, паспяховасць узняў... Ну, строгі, дык нельга ж без строгасці...

Я разумею сакратара, тут ёсць над чым паморшчыць лоб: справа ідзе пра людскія душы.

— Што ж,— гаворыць урэшце ён, выпростваючыся,— прыйдзецца яшчэ раз вярнуцца да гэтага. Будзем разбірацца.

Канешне, тут адным махам не перасячэш вузел: яго трэба расплятаць.

Калі настаўпік выйшаў, сакратар павярпуўся да мяне.

Я растлумачыў, што ў мяне за справа.

— Усё ясна — пасадзейнічаем,— сказаў ён коратка і, усміхаючыся вачыма, працягнуў мне руку.— Трымайцеся яго,— кіўнуў ён на Сцяпана Іванавіча (загадчык аддзела прапаганды i агітацыі таксама быў ужо тут).