Читать «Дарога ў сто год» онлайн - страница 5

Кастусь Цвірка

Я падзякаваў — усё, аказваецца, проста робіцца ў добрых людзей. Не ведаю чаму — мо таму, што мяне адразу зразумелі ў райкоме, але, зачыняючы дзверы з таблічкай «Слабада А. I.», я адчуў сябе як бы раскаваным, павесялеў. Пасля толькі падумалася, што Слабада Аляксандр Іванавіч да таго ж Герой Сацыялістычнай Працы.

I вось рэдакцыйны «газон» імчыць па дарозе з Любані. Ca мной — фатограф раённай газеты «Будаўнік камунізма» Сцяпан Рыгоравіч Дарожка, рухавы вясёлы чалавек, i яшчэ два хлопцы — варацілы раённай прэсы. Хлопцы ссадзілі нас па краі вёскі, a самі падаліся далей — на нейкі сход у глыбінны калгас.

Мы ідзём па Смольгаве. Акуратныя, зробленыя па-сучаснаму хаты, разгалістыя векавыя ліпы ля платоў, шырокая вуліца. У вёсцы, як я даведаўся, 60 двароў. Ёсць клуб, бібліятэка, васьмігадовая школа, фельчарска-акушэрскі пункт. Смольгаў — цэнтр калгаса «Ленінскі шлях». Веска ўваходзіць — да ведама біёграфаў Сыракомлі — у Юшкавіцкі сельсавет.

Пры вуліцы будынак з белай цэглы. Гэта праўленне калгаса. Зайшлі. За сталамі — пераважна дзяўчаты.

Пытаемся, як убачыць старшыню калгаса.

— А ён толькі што паехаў дадому, у Невалаж.

Невалаж — як бы працяг Смольгава. Зусім побач.

Ну што ж, завітаем.

Іван Яфімавіч Мурашка, малады, поўнага твару мужчына, быў без пінжака, у клятчатай сарочцы.

— Вы якраз у час, малайцы,— вітаючыся, сказаў ён з усмешкай.— Я толькі збіраўся снедаць.

Пасадзіўшы нас на крэслы, Іван Яфімавіч ускінуў на плечы пінжак, узяў у рукі сетачку.

— Пачакайце хвіліну — я зараз...

Праз «хвілінку» ён зноў затупаў на ганку, а яшчэ праз «хвілінку» на стале бліснула бутэлька «Расійскай».

За чаркай i добрай старшынёўскай скваркай выдатна гаварылася пра ўсё. Калгас, як высветлілася, не лепшы ў раёне, але i не ў хвасце — «з сярэдзінкі на палавінку». Мала моладзі. Усе бягуць у горад — там, бачыце, весялей. Але астаюцца i дома, асабліва ў апошні час. Калгас памалу набірае сілы i — хто ведае? — можа яшчэ пераходны сцяг атрымае...

За сталом сядзелі нядоўга (мы з Дарожкам выпілі — для прыліку — па чарцы, гаспадар яшчэ менш: «Не магу, хлопцы,— работа»). Івану Яфімавічу трэба было з'ездзіць у раён. Нам ён прапанаваў праехаць трохі па калгасе: якраз падкаціў да двара «газік».

Машына ішла паміж дзвюх сцен збажыны. Сапраўды, пахваліцца тут было чым. Густыя, як шчотка, ячмяні, цёмна-зялёнае, са схіленымі каласамі, жыта.

— Ураджайны сёлета год,— кажу я да старшыні.— Колькі так цэнтнераў тут будзе з гектара? Прыкладна.

— Чакаем — цэнтнераў дваццаць... А раней, гадоў некалькі назад,— было ўсяго шэсць.

— Дык добры скачок?

— Аміячная вада памагла...

Аміячная вада? Так я i паверу! Ці ж сама сабой вылілася гэтая аміячная вада на поле?

Пакалясіўшы па калгасе, мы з Дарожкам зайшлі ў смольгаўскую бібліятэку: цікава, што чытаюць на радзіме Уладзіслава Сыракомлі, які некалі, у вершы «Непісьменны», пісаў ад імя беларускага мужыка:

Я не зайздрошчу, крый мяне божа,

Нікому ў свеце, ніякай сіле;

Адно зайздросна мне толькі, можа,

Што вас, Панове, пісаць наўчылі.

Месцілася бібліятэка ў звычайнай хаце. У адной палавіне — стэлажы кніг, у другой абсталявана маленькая чытальная зала. У бібліятэцы, як расказала мне загадчыца Марыя Кузьмоўна Ермаліцкая,— 8 800 тамоў кніг, чытачоў на абанеменце — 386.