Читать «Дарога ў сто год» онлайн - страница 2

Кастусь Цвірка

Ці ёсць цяпер што на месцы таго фальварка? Што з сябе ўяўляе? Вядома, пра паэта там ніхто нічога не раскажа. Як не раскажуць пра яго i ў іншых «яго ваколіцах», куды я паеду. Але ўсё роўна знайсці тое месца, пабываць там трэба. I не толькі дзеля таго, каб удакладпіць факт яго біяграфіі, а яшчэ дзеля таго, каб пахадзіць па тых сцежках, якімі хадзіў паэт. падыхаць паветрам, якім ён дыхаў, паслухаць гаворку, якую ён слухаў, прыказкі, паданні... Нехта добра сказаў: каб лепш зразумець паэта, трэба пабываць на яго радзіме.

За Асіповічамі ад маладых «маслячковых» хвойнікаў, што прабягалі за акном вагона, дыхнула на мяне раптам родным светам маленства: гэта ж за імі, тымі іглістымі хвойкамі, хутка, праз колькі перагонаў, пакажуцца знаемыя хаты станцыі-раз'езда Фалічы, ад якой рукой падаць да маёй Зялёнай Дубровы. І я, убачыўшы гэтыя хаты, не мог, каб не сысці з цягніка, не заскочыць — хоць на гадзіну — у родную вёску. Да сваёй маці. Тым больш, што гэта была, па сутнасці, ужо не толькі мая радзіма, a i Сыракомлева, яго «ваколіцы»: мы ж, калі раздумаць, абодва «случчакі», абодва з таго краю, які некалі называўся Слуцкім княствам (удзел старажытнага роду Алелькавічаў) i які нават цяпер яшчэ, па традыцыі, посіць абагуленае імя — Случчына.

Заехаў дадому, а там якраз — чарга адпасваць каровы. Цяпер, калі нічога не скошана i не зжата, адной мацеры пасвіць — па лесе — не вельмі лёгкая работа. Так што — прабач, Сыракомля,— давялося паставіць за шафу свой вучоны партфель, надзець дапатопныя штаны i ўзяць у рукі дубец.

Па праўдзе кажучы, я i тут не разлучаўся з Сыракомлем: мы ўжо добра падружыліся з ім, сталі як пабрацімы.

Досвітак быў дзіўна спакойны. Ад ночы, якая толькі што прайшла па зямлі, аставаўся яшчэ шэры прыцемак, здаровы летні халадок, што звычайна бывае перад гарачым днём, ды нерухомыя кроплі расы на драсёне i лопуху — імі густа зараслі вадасцёкавыя канаўкі паўз платы. Клікаць: «Каровы выганяйце!» — ці, тым больш, трубіць у прасмолены берасцяны рог, які запомніўся мне з маленства i якога ўжо, напэўна, не знайшоў бы i ca свечкай ні ў чыіх сенцах, патрэбы якраз не было. Калі я пайшоў на сярэдзіну вёскі «займаць», каровы ўжо стаялі каля двароў, абціраючы галовамі належаныя за ноч бакі, сонна дажоўваючы сваю жвачку. На выгане, ужо сабраныя ў статак, яны адразу прыпалі да густой нізкарослай муравы.

Міла i хораша было мне слухаць ізноў, праз многа — аж страшна лічыць — год, як дружна грызуць яны ядкую траву, пакідаючы пасля сябе роўныя цемнаватыя дарожкі на белай расе. Быццам i не было горада, не было яго мітусяніны i таўхатні, яго грукату i шалёнага рытму. Жыццё нібы спынілася. А правільней — яно ішло, як i заўсёды, сваім адвечным, натуральным, нічым не прыспешаным ходам. Я неяк адразу настроіўся на гэты яго ход. Усе мае важныя праблемы, усе неадчэпныя думкі, якімі заўсёды была поўна галава, здаліся тут дробязнымі, не вартымі ўвагі. Яны бляднелі, адыходзілі недзе на задні план на фоне гэтай вось ціхай першароднай раніцы, гэтага чыстага — без хмурынкі — неба, бялявай зары, якая, яснеючы, роўна разлівалася над зямлёй, будзячы па алешніках i асацэ балоцін — птушыныя спевы i крыкі.