Читать «Дарога ў сто год» онлайн - страница 3

Кастусь Цвірка

Я — дома. Тут — маё карэнне, пачатак мяне самога, мой працяг. Тут жылі мае дзяды, тут пасвіў, касіў, вяршыў стагі, спускаў бярозавы сок, араў, сеяў, баранаваў, звозіў снапы, малаціў мой бацька. Я першы кінуў адвечны хлебаробскі занятак маіх продкаў. Яны прыходзілі i адыходзілі, перадаючы — з рук у рукі — сваім наступнікам стары, але лёгкі i ходкі плуг з люстэркам лемяха; да паловы зрэзаную i ўсё яшчэ вострую, як брытва, касу з выгладжаным да бляску касільнам; берасцяную каробку-сяўню ды цупкі малацьбітны цэп. Усе мае папярэднікі — о, як мала я ведаю пра ix! — бралі гэта ў спадчыну як самы дарагі скарб. Я першы не ўзяў. Я разарваў доўгі спрадвечны ланцуг хлебаробскага племя...

Слухаючы музыку бацькоўскай зямлі, я пачынаю лепш разумець i Сыракомлю — у яго ж была душа селяніна. Калі лёс вымусіў паэта пакінуць родныя палеткі, ён адчуваў сябе як рыба, выкінутая з вады. У адным са сваіх апошніх вершаў вясковы лірнік параўноўваў сябе з салоўкам, які апынуўся «за кратамі з дроту».

Мы прыгналі каровы, калі ўжо добра ўгрэла i скаціне нельга было абараніцца ад заедзі. Я скінуў размяклыя ад расы туфлі, пацяжэлыя штаны і, адпачыўшы ў халадку, палез у шафу — па маю дарожную вопратку.

У канцы вёскі я сеў у аўтобус з непрывычным маршрутам Старыя Дарогі — Зялёная Дуброва. Раней, каб дабрацца да горада, зялёнадуброўцы хадзілі за шэсць кіламетраў у Фалічы — на цягнік. Сёлета — па выхадных — пусцілі аўтобус.

У Старых Дарогах — ранічкай — я сеў на цягнік Мінск-Слуцк, даехаў да Урэчча, там перасеў на любанскі аўтобус.

Дарога ішла якраз праз вёску Таль, якую ўпамінаў «Геаграфічпы слоўнік». Гэта ўжо не вёска, а вялікае сяло, з некалькімі аўтобуснымі прыпынкамі. За сялом паабапал дарогі калыхалася жыта, густое, з цяжкімі каласамі. У ім танулі ўдалечыні калгасныя дамы пад шыферам. Гэта ж недзе тут i павінна быць вёска Смольгаў. Ці астаўся ад яе — амаль праз 150 год — які след? У чырванашчокага дзядзькі, які падсеў на прыпынку ў Талі, з заміраннем у сэрцы пытаюся, ці не ведае ён, дзе тут вёска Смольгаў.

— Смольгава? — адказаў дзядзька.— Ёсць такая. Вунь туды, кіламетры два адгэтуль, к Пагосту.

Я памкнуўся быў спыніць аўтобус, каб вылезці. Але тут жa раздумаў: чаго спяшацца. Смольгаў ж а цяпер ад мяне нікуды не ўцячэ. Паеду спачатку ў Любань, знайду там фатографа, магчыма,— i машыну.

На аўтобуснай станцыі людна, мітусліва. Людзі снуюць туды-сюды бесперапынна. Усе заняты сваімі клопатамі, сваімі клумкамі i чамаданамі. Цябе ніхто i не заўважае. Можаш так вось стаяць на адным месцы дзень, i гэта нікому не кінецца ў вочы. I я нейкі момант стаю, слухаю людскую гаману. Але ж трэба ісці. Толькі куды? У рэдакцыю газеты? У райвыканком? Райком? Ці не здасца там дробязнай, не вартай увагі мая справа?