Читать «Дарога ў сто год» онлайн

Кастусь Цвірка

Кастусь Цвірка

Даpoга ў сто год

Нарыс

ЛЯ ВЫТОКАЎ

Песня рэек. Партфель i дубец. Паветра Зялёнай Дубровы. Артобус сярод жыта. Слабада — прозвішча сакратара райкома. Што чытаюць вясковыя дзяўчаты? Мова зямлі. Смольгава ці Смольгаў? Эх, Дарожка!

Грукочуць, татахкаюць па рэйках колы цягніка. Проста на яго з ранішняга паўзмроку нібы хтосьці адзін за адным кідае — але ўсё міма, міма! — чорныя, мокрыя яшчэ ад расы, тэлеграфныя слупы. Белая грамадка маладых бяроз, што, застылая, драмала ўперадзе, сярод поля, параўняўшыся з цягніком, схамянулася раптам, закружылася ў вясёлым карагодзе.

Рытм імклівай язды адразу завалодаў мною. Усе клопаты, усе мае штодзённыя непаладкі — цяпер ззаду. Яны ўжо мяне не дагоняць! Цэлы месяц — як здорава! — буду я ў дарозе.

Гэта — маё першае вялікае падарожжа. Мяне, аспіранта Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі i фальклору АН БССР, уключылі ў склад этнаграфічнай экспедыцыі 1970 года. Маршрут — індывідуальны. Я павінен прайсці тымі сцежкамі, якімі болей чым сто гадоў назад хадзіў Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч).

Чаму якраз Сыракомля? Таму, па-першае, што ён наш зямляк, што ён апяваў у сваёй паэзіі Беларусь, яе разлогі i пушчы, расказваў пра долю беларускага мужыка. Таму, што ў жыцці i творчасці гэтага выдатнага наэта XIX стагоддзя, якога высока цапіў М. Горкі i на творы якога пісаў музыку Чайкоўскі, шмат яшчэ няяснага, нявысветленага. Таму, урэшце, што яго творчасць, яго праца як краязнаўцы i этнографа Беларусі — тэма майго даследавання.

Пра Уладзіслава Сыракомлю беларускі чытач, трэба сказаць, ведае няшмат. Чатыры гады назад у нас выйшаў толькі тоненькі томік яго выбраных твораў, польскіх, у неракладзе на беларускую мову, i беларускіх, якія захаваліся. A напісана ж ім вельмі многа. Яшчэ ў 1872 годзе, у дзесятую гадавіну смерці паэта, у Варшаве было выдадзена дзесяць тамоў адной толькі яго паэзіі. Акрамя таго, у Сыракомлі было яшчэ нямала празаічных твораў, навуковых прац, артыкулаў. I асноўнае месца ў гэтай вялікай спадчыне займаюць творы на беларускім матэрыяле...

Цягнік бяжыць на поўдзень ад Мінска. Недзе там, як сведчаць дакументы, у былым Бабруйскім павеце,— месца нараджэння Уладзіслава Сыракомлі. З яго, з гэтага месца, i начну я сваё падарожжа, каб потым — крок за крокам — прайсці ўвесь шлях паэта. У дарогу я прыхапіў у Ленінскай бібліятэцы яго кнігу, выдадзеную ў 1854 годзе, «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». На першай старонцы — яго партрэт: хударлявы, прадаўгаваты твар, добрыя, спакойныя вочы. Што ж, дарагі Сыракомля, павандруем разам — ужо ў новым веку — на тваіх некалі ваколіцах.

Перш за ўсё нам трэба, як ужо гаварылася, адшукаць — i не на паперы, а на самай зямлі — месца твайго нараджэння. Яшчэ ў 1850 годзе ты пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «Нарадзіўся я 29 верасня 1823 года на балоцістым Палессі, у вёсцы Смольгаў». У дзесятым томе «Геаграфічнага слоўніка Польскага каралеўства i іншых славянскіх зямель» за 1889 год пра Смольгаў сказана так: «Фальварак у заходняй частцы Бабруйскага павета, на паграніччы ca Слуцкім паветам... пры дарозе з мястэчка Пагост да вёскі Таль». I далей гаворыцца пра тое, што тут нарадзіўся вядомы польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч). I Пагост, i Таль я знайшоў на сваёй карце. Гэта — у Любанскім раёне.