Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 8

Алесь Пашкевіч

― Як так?! — спрачалася ў іх. — Сам жа Пілсудскі абяцаў прынесці справядлівасць… спрыяць?!

― Вось і спрыяе, — у голасе Астрэйкі прарэзалася злосць. — Распусціў сялянскія рады, адзьдзелы самааховы і народнай міліцыі, што яшчэ перад адыходам немцаў баранілі вёскі ад рабункаў…

― Але ж палякі, у адрозненне ад бальшавікоў, падтрымліваюць беларускасць! — выпаліў Алесь апошняе апраўданне.

― Так-так, зачыніўшы Будслаўскую гімназію, Гарадзенскую прагімназію і Менскі педінстытут пажадаўшы выкінуць з будынку…

Ён не мог даць веры Бабарэкавым словам, а Бараноўскі нарэшце падвёў тады да падагульнення:

― Дык вы прапануеце…

― Прапануем аб'яднаць нашы сілы і… рыхтаваць паўстанне, — Астрэйка зноў загаварыў шэптам. — Нашы ўжо збіраюць па вёсках зброю…

― І што — супраць усяго польскага войска і выступіць? — не пабаяўся і пакпіў Алесь, але госці рэтыраваліся:

― Калі разумна, дык чаму б не! Толькі ж у звязку з Чырвонай арміяй, перад самым яе наступам і ўдарыць.

― І няхай потым зноў бальшавікі кулямётамі разганяюць нашыя з'езды, хай зноў у сялян хлеб апошні забіраюць? — «гнуў» сваё Алесь.

― Дык што — лепей палякам аддацца? — пачаў запальвацца Бабарэка.

― Я ж не пра тое…

Яны яшчэ доўга даводзілі адзін аднаму свае «аргументы» — не ведаючы, што і ў Менску «вялікай» палітыкай вяліся падобныя спрэчкі: як і з кім быць, спрэчкі, што ўрэшце прывядуць кіраўніцтва БНР да расколу…

Яны ж той ноччу паразуменне знайшлі. «Папараць-Кветка» станавілася не толькі арганізацыяй культурна-асветнай, але й амаль напаўпадпольнай, ваярскай. І са Слуцку пачалі перадавацца «па ланцугу» розныя адозвы і пракламацыі, што раніцамі красаваліся па вёсках — на валасных будынках, цэрквах і касцёлах.

Ды напоўніцу пасябраваць (так, як сталася гэта ў Бараноўскага) з Астрэйкам і Бабарэкам яму, Алесю, не ўдалося, хоць апошні… апошні — Бабарэка, гэты добры, насамрэч меланхалічны хлопец, які меў звычку слухаць, крыху схіліўшы набок галаву, а гаварыць зазвычай ціхім, кволым голасам, гэты хлопец выратуе яго ад смерці.

Але будзе тое яшчэ амаль праз год…

З Янкам Купалам

Калі яму прапанавалі з'ездзіць у Менск, ён узрадаваўся. Яшчэ б — разам з Буслом, Урбановічам і Ракуцькам даручана было патрапіць да самога Янкі Купалы і папрасіць у яго новых вершаў для толькі што створанага часопіса «Наша Каляіна», друкаванага органа «Папараць-Кветкі» (выдаваўся пад эгідаю ЦК БПС-Р). Арганізаваў часопіс Андрэй Бараноўскі, які з канца 1919 года ўзначаліў «Папараць-Кветку». Матэрыялаў хапала ўжо на некалькі нумароў, але хацелася ўаздобіць старонкі часопіса і творамі слынных майстроў, ― першым «госцем» адзінадушна і вырашылі запрасіць Купалу…

Радаслаў Астроўскі, тадышні дырэктар гімназіі й іхні «хросны бацька», а таксама і Фабіян Шантыр падрабязна расказалі, як адшукаць у Менску на вуліцы Захараўскай Беларускую хатку, дзе Купала працаваў загадчыкам бібліятэкі. Але хлопцы некалькі лішніх гадзін блукалі вакольнымі вулкамі, не асмельваючыся адчыніць дзверы адшуканай «хаткі»…