Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 9

Алесь Пашкевіч

Калі яны нарэшце ўвайшлі ў Купалаў пакойчык, гаспадар чытаў газэту. Блытаючыся, Бусел распавёў пра жаданне случакоў выдаваць свой часопіс… і сціх. На «выручку» паспяшаў Алесь:

― Дык мы, дзядзька Янка, хацелі б папрасіць на адкрыццё першага нумара вашых вершаў.

― Дзякуй, дзякуй, што не забываецеся, — усміхнуўся Купала. — Напачатку давайце мы вас з дарогі пачастуем, — і папрасіў дзяўчат згатаваць гарбату. Сам жа падсеў бліжэй да гасцей: — А што, хіба бракуе ў Слуцку сваіх паэтаў? ― і бліснуў гарэзнай хітрынкай.

― Ды не… — Бусел піхнуў плечуком Алеся. — Вось, Алесь у нас піша вершы.

― А адкуль жа і чый ты, паэце Алесю, будзеш? — Купала зірнуў мякка, спагадліва.

― З вёскі Цароўка пад самым Слуцкам, бацька — валасны фельчар… — каб заняць чым-небудзь рукі, Алесь пацёр далоньмі калені.

― Ну! Калі з Цароўкі, то і вершы, відаць, царскія пішаш. Можа, пачытаеш?

Алесь зніякавеў, але, дэкламуючы, па вачах Купалы ўбачыў, што таму вершы падабаліся — і ажывіўся.

― Добра, браце, добра, — пахваліў Купала.

Прынеслі гарбату. Разгаварыліся смялей. Прачытаў два вершы і Купала — «Беларускія сыны» і «Паўстань…». Хлопцы знямелі ажно — у паэтычных радках песняра гучала тое ж, што кволілася, трапятала і абуджалася і ў іхніх душах!

Паўстань з народу нашага, Прарок, Праяваў бураломных варажбіт, І мудрым словам скінь з народу ўрок, Якім быў век праз ворагаў спавіт! Збяры ў адну ўсю Беларусь сям'ю. Вазьмі з яе прысягу і зарок, Што не прадасць сябе, сваю зямлю… Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, Прарок!..

― Калі падыходзяць, гэтыя вершы я вам і перадам. А каб разбавіць іх прозай… — Купала ўстаў і, выцягнуўшы з паліцы зялёную папку, паклаў на стол некалькі старонак машынапісу. — Вось добрае апавяданне Максіма Гарэцкага, вельмі харошага пісьменніка. Ён даў мне яго пачытаць яшчэ летась, як мы студыявалі на факультэце гісторыі мастацтваў — было такое на смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута… Цяпер Гарэцкі ў Вільні. ― І пачаў пытаць пра іхнюю ўжо вучобу.

Хлопцы, хоць і карцела паболей пабыць з паэтам, заспяшаліся развітацца — каб яшчэ завідна паспрабаваць выбрацца дадому (балагол, які вёз на продаж у Менск тры кадкі салёных агуркоў ды «падкінуў» са Слуцку хлопцаў, браўся і назад адвезці — і пра плату махнуў: «Ды ўжо як-небудзь»).

Купала выйшаў праводзіць.

Праз дарогу спыніліся два польскія жаўнеры, заспрачаліся аб нечым.

― І дакуль гэтая апека будзе над намі? — буркнуў Бусел.і

― Праўда ваша, хлопцы… Вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і нас апекаваў, хоць ліха нашага не забіраў. Быў маскоўскі цар, былі пасланыя ім земскі, ураднік, стражнік. Мы шчыра служылі ім, як нявольнікі. Пасля царскіх чыноў прыйшлі бальшавіцкія — не лепш ад сваіх папярэднікаў, прыйшлі і павялі сваю гаспадарку, а мы глядзелі і чакалі, што нехта прыпхнецца і бальшавікоў прагоніць. І прычакалі… ― Вераснёвы ветрык узнімаў-ускрыляў незашпіленыя скосы Купалавага плашча. — Прыйшлі немцы, бальшавікі ўцяклі, мы асталіся. Немец гаспадарыў… Мы сядзелі і чакалі… чакалі нейкага цуду. І дачакалі… Прыйшлі вось палякі, уцяклі саветы, камітэты і «чразвычайка», а мы ізноў сабе сядзім і чакаем. Праўда, мы, як гаспадары гэтай зямлі, мусім сядзець на ёй. Але як мы гаспадарым?.. Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць нас тады: «Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх нашчадкаў, для свайго краю?»