Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 10

Алесь Пашкевіч

К такому запытанню трэба нам быць гатовымі…

На гэтымі развіталіся.

Праз тыдзень камандзіравалі ў менскую друкарню аднаго Сяргея Бусла — з матэрыяламі першага нумара і грашыма на яго выданне. Тысячу асобнікаў аддрукавалі хутка. Некалькі сігнальных кніжак Сяргей занёс у Беларускую хатку — Купалу (паэта там не заспеў).

У Слуцку «Наша Каляіна» разыходзілася хутка, і поспех не мог не радаваць хлопцаў. Натхнёныя, яны ўжо збіралі творы для другога нумара…

Купала з'явіўся на Захар'еўскай зацемна — затрымаўся на паседжанні Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэта (ЧБНК). Вакол Камітэта пачалі гуртавацца асноўныя сілы беларускага руху. Перабраліся ў Менск Аркадзь Смоліч, Францішак Аляхновіч, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Шыла, са Смаленску — з бальшавіцкай няволі — вярнуўся Вацлаў Іваноўскі. У Менск пераехала і Беларуская Вайсковая Камісія (БВК).

Стомлены і хмуры, Купала зачыніўся ў сваім пакойчыку, запаліў лямпу. Моцна балела галава — як абцугамі хтось ціснуў скроні. Ён прылёг на канапку і заплюшчыў вочы.

Зноў гэтыя спрэчкі… Бальшыня эсэраў і сацыял-федэралістых адстойвалі безадкладнае выкананне Устаўных Граматаў БНР, заклікалі выступіць у адкрытай барацьбе супраць палякаў. Гэта бачылася Купалу самагубствам — на падрыхтоўку супраціву патрэбен быў час, сродкі, сілы. Хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты, а таксама меншасць эсэраў і сацыял-федэралістых прапагандавалі патрэбу паступовага вырошчвання нацыянальных сілаў… Пакуль беларускі народ не будзе самаарганізаваны, датуль палітычнае адраджэнне Беларусі немагчымае ― пра гэта ведаў і Купала, але ж ён ведаў і пра небяспеку чакання, ды яшчэ ў такі час: не дадушыць польскі бот, дык нярымсціцца праглынуць ціхмянага суседа ўсходняму «брату»…

Але ж адзіны шыхт стварыць патрэбна было. На гэта настройвалі і Вацлаў Іваноўскі, і Кузьма Цярэшчанка (замест Алеся Гаруна, які ўзначаліў БВК, яго абралі старшынём Белнацкама), да гэтага заклікаў і ён, Купала…

Калі крыху адхлынуў боль, ён сеў за стол, расклаў пошту. У газэтах выбліснулі кніжкі «Нашай Каляіны». Купала здзівіўся хуткасці, з якой яны вылецелі ў свет — здаецца, толькі ўчора хлопцы-случакі былі ў яго…

Успомнілася раптам, як яны — маладыя апантанцы — выдавалі дзесяць гадоў таму «Нашу Ніву»… Няпросты 1909-ы. Рэдакцыйная кантора — як склад макулатуры… Дым ад жалезнай печкі, на якой гатавалася ежа…

«І пакутавалі, працавалі, аддавалі ўсё сваё здароўе, жыццё за беларускае вольнае слова, за сваю святую справу… Жылі — як і дзе папала ў падвалах, халодныя і галодныя, нажывалі сабе сухоты і іншыя галодныя-халодныя хваробы і да самае смерці не складалі зброі… ― Купала пабольшыў святло ў лямпе, зірнуў у ціхае начное вакно. — І вось на змену акрыляюцца новыя — маладыя і нястомныя — нашчадкі!» — Купала ўзяў аловак: «Кінутае здаровае зерне дарма не прападае, — пачаў пісаць хуткім лёгкім почыркам. — Сягоньня кожны, каму не атуманіла расійская і польская рэакцыя мазгоў, пачуе і зразумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваньнем сваёй незалежнай бацькаўшчыны!