Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 6

Алесь Пашкевіч

І, выглядаючы апошнюю фурманку, скінуў з падаконніка вялікі вазон альвасу…

Падобны праход, толькі немцаў у 1918 годзе, пабачыць дзед не здолеў: моцна хварэў і амаль месяц не злазіў з печы. Нямецкае войска акупавала Беларусь напрыканцы лютага. Па старой Варшаўцы — на Бабруйск (частка — на Менск) ішлі праз горад стройныя калоны зялёна-пыльнага колеру — пад стальнымі шлемамі. Доўга грукаталі па ледзяной брукаванцы аўтамабільныя абозы, аграмадныя артылерыйскія паркі з гарматамі, раўлі танкі і браневікі; машыны, вымаляваныя ў ламаныя лініі кідкіх колераў, везлі пантоны — цэлыя масты для пераправаў. Невысока над дамамі правуркаталі некалькі ваенных аэрапланаў…

Не зважаючы на беднасць краю, немцы пачалі збіраць з насельніцтва кантрыбуцыю — аграмадная жалезная машына патрабавала і аграмадных затратаў! Прайшоў перапіс гаспадаркі, і сялянства, паверыўшы салодкай агітацыі, пусціла было чуткі: немцы адбяруць у тых, у каго многа, і перададуць бедным. Аднак выйшла зусім па-іншаму. Інтэнданцтва зацвердзіла падатак: ад кожнай куры належала здаваць у абоз па два яйкі ў тыдзень, ад кожнай каровы — пэўную колькасць фунтаў масла за месяц, ад кожнага парсюка — пэўную частку сала, з кожнай дзесяціны зямлі — вось столькі збожжа. Праз некаторы час немцы пачалі разлічвацца за ўсё маркамі…

Ды толькі Алесь быў упэўнены, што ні аграмадзіны-гарматы, ні браневікі не змаглі б тады здзівіць дзеда — як тыя польскія цяжкавозы з доўгімі вушамі!..

― Можа, пану кавы? — да рэальнасці змусіла вярнуцца сцюардэса, стрункая, сінявокая. З неўтаймоўнымі кудзяркамі на шчоках.

Ён доўга няўцямна ўзіраўся ў яе вочы, адганяючы памарак успамінаў, і нечакана мовіў па-беларуску:

― Ды якая, дачушка, мне ўжо кава… Ці не прынесла б якіх-небудзь газэт пачытаць? — і, заўважыўшы неразуменне, паўтарыў, апамятаваўшыся, тое ж па-ангельску…

Сцюардэса адразу ж падала некалькі свежых — яшчэ пахкіх фарбаю — выданняў і наструнілася йсці далей, да суседняга раду:

― Гэта ўсё?

― Яшчэ… Яшчэ скажыце, калі ласка, як вас завуць?

― Ева ― яна зноў ветліва ўсміхнулася…

Беларуская моладзь ідзе

І зноў з глыбокіх спратаў ягонай памяці абудзілася-выйшла даўнішняе: вялікая зала гімназіі, «папараць-кветкаўская» «Паўлінка» (ці не па алюзіі першынец ― Паўлінка з першароднаю Еваю наплыла?). Андрэй Бараноўскі заліхвацкім Быкоўскім быў, Марыя Стагановіч — Паўлінкаю. Яны ж — Алесь і Люда — сядзелі ў кутку на самай апошняй лаве. Яшчэ днём Люда назбірала ў парку букецік апалых кляновых лістоў — дзіўнага палымяна-ружовага колеру — і, нібы веерам, зрэдку адганяла і яго, занадта гаварлівага, узбуджанага…

Ці не тады і адбылося ў яго нечаканае знаёмства? Дзверы асцярожна прачыніліся (з палову спектакля ўжо адыгралі), і ў залу ўвайшлі двое: адзін — на вока іхніх гадоў, цыбаты, з глыбокімі чарнявымі вачыма, другі — старэйшы, каржакаваты, з жоўтымі валасамі — і, хітнуўшы галовамі, вітаючыся, праціснуліся да галёркі і прыселі акурат каля яго. Здзівіла іхняя вопратка — не па часе зімняя (доўгія кажухі і цёплыя аблавушкі ў кішэнях). Яны моўчкі ўважліва прагледзелі спектакль, доўга разам з усімі пляскалі-дзякавалі артыстам, а ўжо калі ўсе пачалі разыходзіцца, перапынілі Алеся: