Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 36

Алесь Пашкевіч

З месяц цягнулася так, пакуль не стрэўся Міця з жандарам, падбег па-заліхвацку, выструніўся, руку да віска, збітымі ботамі прыстукнуў:

― Міця Буба я… Буба, ваша благародзь!

Скрывіўся паляк, аж уздрыгануўся — і кулаком па твары Міцю… Раз, другі… А Міцю адно кроў у скроні бухнула, пад сэрцам запякло, дых знячэўку перахапіла. Скруціў ён жандарыка, стоўк у яблык горкі, з ног збіў і другога, на падмогу да таварыша падаспелага, высока кулачынай памахаў над імі і — пад прылаўкі, за вазы, за плот… Увомірг знік, і ні на кірмашы, ні на вулках горада пасля таго больш не з'яўляўся.

* * *

Адны сумныя весткі прывёз тады ў Менск Алесь. І самога нібыта падмянілі: цвёрдым стаў, хмурным, маўклівым. Гарун адразу змену заўважыў, падтрымаць памкнуўся, расхмарыць:

― Не кісні. Думаеш, аднаму табе нудна? А як мне тады на свет глядзець?! Салодкімі дужа сталі… То, можа, чакаць, што так вось, на талерачцы паднясуць волю? Нат калі хто й паднясе, дык атрутай перад гэтым густа пасыпаўшы!

― Не кісну я… Глядзець адно і на палякаў не магу. Ці не паслугачы мы іхнія?

― Вунь куды бярэш! А ці ведаеш, што два гады назад я пісаў пра іх? У «Водгуках» у «Вольнай Беларусі»? Супраць экспансіі гэтых самых легіёнаў наўсюд выступаў! — Гарун кінуўся да стала, дубовага, з крыху сцёртым лакам — зранку на ім ужо былі стахтораны новыя дакумэнты, лісты, газэты (потым у абед іх браў чытаць Алесь), высунуў ніжнюю шуфляду. — Чакай, зараз… — Раскрыў зялёную папку і стаў таропка перагортваць выразкі. — Зараз прачытаю… Каб не думаў, што ў аднаго стрэмка засела… Вось, слухай… — І да вакна, дзе святлей. — Выступаць — выступаў, а як «экспансію» і з усходу зведалі — і цюкнула тады, што расейцы-бальшавікі глынуць і аблізнуцца нават забудуць… А Пілсудскі ж сваё дэкляраваў, і ледзь не маімі словамі! Слухай (і нарэшце пачаў чытаць): «Як вольны з вольным, роўны з роўным…» — успамінаеш зварот ягоны? Ён жа, Пілсудскага зварот, так — паўтараючы маё — і пачынаўся! (Гарун усхваляваўся не на жарт.) Вось… «Як вольны з вольным, роўны з роўным, пойдзе ён, беларускі працоўны народ, поруч з другімі народамі. А ў тым ліку і з польскім, а не з вамі, прыхваснямі польскага імпэрыялізму, хоць бы вы былі і тутэйшымі здраднікамі і перакінчыкамі, забыўшымі бацьку і мацяр сваю». — Гарун зірнуў на Алеся і працягнуў чытанне. — «Не, — Масква і Варшава не святы, а страшны выраз для беларуса, і не Расію і Польшчу назаве ён маткаю сваею! Маткаю народу Беларускага будзе яго «тутэйшая», Беларуская зямля, вольная, незалежная Народная Беларусь…» — Ён адклаў выразку на падваконне — на стос кніг, і гаварыў ужо, гледзячы скрозь шкло шыбаў на вуліцу. — Не выстаўляючыся перад табою зачытваў я гэта… Каб паказаць проста, што не табе першаму шчыміць… што галаву апускаць з гэтага ня трэба! Усе малыя народы праз такое ці прайшлі, ці праходзіць мусяць. І мы пакуль вымушаны за «саладзейшае» хапацца, хоць яно, як бачыш, з апечынамі… Ды, урэшце, я ўжо казаў табе пра гэта… А тут летам, летась, Пілсудскі згоду даў на стварэнне беларускага войска. І паўстала БВК, і загадам таго ж Пілсудскага я на яе чале стаў. І як было не натхніцца: падпісалі пагадненне аб пастаўках амерыканскай зброі на 400 мільёнаў даляраў! Можаш уявіць? Антанта фундаваць мелася… Праўда, у яе свае мэты найперш наўвеце былі — каб бальшавікоў і Саветы супыніць… Ды народ наш не правядзеш… Студзень гэтага года ўспомні, паўстанне антыпольскае ў Рудабельскай воласці. Сяляне ж на крыўдзіцеляў з пяяннем «Ад веку мы спалі…» йшлі! Прачынаюцца ж! Хоць і разбегчыся мусілі, і дванаццаць Бабруйскую турму зведалі… Тады ж Ігнатоўскі з Булатам і братамі Сташэўскімі Беларускую камуністычную арганізацыю і стварылі — каб супраціў антыпольскі далей распальваць. Толькі ж не для ўсяе грамады беларускай шлях той…