Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 37

Алесь Пашкевіч

― Дык што ж рабіць тады?! — не стрымаўся Алесь.

― Што рабіць? — і Гарун нечакана ўсміхнуўся. — Не спаць!…

Не мог не ўсміхнуцца ў адказ і Алесь — і нібыта ільдзіна ў ягоных грудзях растала. Сеў за свой стол (на той час ён ужо ў Вайсковую Камісію да Гаруна перайшоў), паперы расклаў, а калі Гаруна некуды паклікалі, перапыніў, у вочы гледзячы — вышчадрыў:

― Не праспім, дзядзька Алесь… Паваюем.

Кабінет Гаруна ў Беларускім доме, неўздалёк ад прыступак на другім паверсе, быў сэрцам вербунковага адзьдзелу Беларускай Вайсковай Камісіі. Спраў не паменшала і ў Школьнай радзе, але і там, і там патрэбен быў сакратар-справавод, і Алесю даводзілася пакуль працаваць «на двух сталах».

Што ён рабіў у той дзень? Ці не абвестку складаў ад Вайсковае Камісіі для «Руні» — новага літаратурна-грамадскага часопісу, рэдактарам якога меўся быць выздаравелы Купала. Тэкст абвесткі (яна друкавалася затым на першай вокладцы «Руні» ў некалькіх нумарах запар) пісаўся адразу — на «чыставік»:

«Беларусы! Хто хоча незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны, у кім бьецца беларускае сэрца, каму неўмагату зьдзек чужынцаў, хто можа трымаць у руках стрэльбу — запісвайцеся ў беларускае войска!

Беларуская Вайсковая Камісія.

Запіс у Беларускай Вайсковай Камісіі, гатэль Гар і рог Фэліцыянскай і Міцкевіча.»

Затым ён адшукаў стосік старых улётак, перачытаў верхнюю:

«Менчане! Варожая навала, што пагражала нашаму старому Менску, адбіта дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера. Але ня кінулі маскоўскія тыраны каваць путы на нашу волю, на волю Беларусі. Зьбіраюць яны з усяго сьвету дзікіх, ахвочых да рабунку, людзей і пасылаюць катаваць нашую Бацькаўшчыну. Гараць вёскі і месцы. Тысячы братоў нашых уцяклі з-пад родных стрэх і гаруюць. Такая ж доля чакае і ўсіх нас. Хто-ж павінен бараніць нас, як ня мы самі, як ня нашае войска, БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА?

Устаньма ж на абарону радзімага краю!

Пад штандар Пагоні, у Беларускае Войска!

Хто дужы і малады — да зброі!»

― перачытаў ён улётку, і радок «дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера» тлуста выкрасліў — і ўвесь стосік назад схаваў.

― Дзень добры пану Мядзьведзю, — у дзвярах, усміхаючыся, стаяў Макар Краўцоў (па прозьвішчы — Касьцевіч — яго ніхто і не зваў), работнік «рэгулямінова-школьнага» адзьдзела БВК, ён жа — найперш — малады, але ўжо вядомы беларускі паэта, прыгожы, па вайсковаму падцягнуты, з вялікім, крыху выцягнутым тварам, далікатна ўкладзеным назад пышным чубам, нізкімі густымі брывамі, што крыху адцянялі яго сінія вочы, і без таго заўсёдна змуленыя вусны цяпер меншыла ўсмешка ― і пакідала на ягоных мякка-выгаленых шчоках дзве зморшчынкі-баразёнкі ўпаўкруг.