Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 14

Алесь Пашкевіч

Ажно не верылася, што — у мінулым і Першыя менскія педагагічныя курсы, і студыйныя сходкі — так неўпрыкметку праляцеў час!

Дома не адседжваўся, дапамог тое-сёе па небагатай гаспадарцы, і праз тры дні зноў быў у Слуцку.

Пачынаўся лістапад — «ягоны» месяц. Хоць не ў лістападзе з'явіўся Юрка на свет, але любіў гэтую часіну — найболей. Любіў апалае залаціста-апечанае лісце, з якім шчодра развітваліся старыя каштаны на гарадскіх вуліцах (гультаяватыя дворнікі, знявераныя няпэўнасцю, прыграбалі іх толькі да краю тратуарчыкаў), любіў каралі доўгай павуты на голых гольках, любіў аціхлыя — пакрыўджаныя ветрам — восеньскія дрэвы, як, зрэшты, і саму старую і мудрую восень…

У двары павятовай канцылярыі, вымеценым чыста і прысыпаным жоўтым пяском, сустрэў Абрамовіча, слуцака, колішняга знаёмага па Менску. Пасля вясновага наступу палякаў Абрамовіча адкамандзіравалі на Случчыну — «збіраць беларускае школьніцтва», але ніякіх чутак ад яго ў Менску так і не атрымалі.

Абрамовіч уладкаваўся канцылярскім сакратаром. Зніякавеў, разгубіўся, пазнаўшы Юрку. Буркнуўшы на прывітанне, правёў у «габінэт» — невялічкі, але абстаўлены прыгожа, з вялікімі вокнамі, новым сталом, тэлефонам, сейфам. На сейфе — фотакартка Пілсудскага ў картонавай рамцы-падстаўцы.

Сеў, запрасіўшы да стала і Юрку, дастаў насоўку, выцер, марудзячы, лоб і лысіну — яе заўсёды, нават летам, на вуліцы хаваў шапкай. Выглядаў Абрамовіч, як ні вышляхечваўся, старым і стомленым, хоць насамрэч толькі-толькі размяняў чацвёрты дзесятак — і ўсё праз сваё нявецтва: яшчэ падлеткам гарэў у хаце, а вяскоўцы — ужо беспрытомнага — вынеслі з полымя. Апечыны на спіне і жываце нябячныя, а вось галава… Верх яе пакрывала грубая — як чарапашына — цёмна-ружовая скура, на якой так і не адраслі валасы.

— Дык што цябе, пане Лістапад, прывяло да нас? — Абрамовіч узяў самапіску і праверыў на святло яе пёрка. Зняў якуюсь варсінку.

Лістапад раскрыў рот — колішні знаёмец звяртаўся да яго па-польску…

— Да нас? — нібы не даючы веры сваім вушам, перапытаў і колка глянуў на Абрамовіча. — Ліст табе прывёз з Менску, — дастаў з кішэні пінжака заклеены канверт і паклаў на стол.

Ліст пісаў Рак-Міхайлоўскі, які і выправіў у Слуцак другога «рэзідэнта».

Абрамовіч, заўважыў, змяніўся — у разгубленага, спалоханага. Прачытаўшы ліст, прайшоў да дзвярэй і назад, наліў сабе вады, але піць не стаў, адвярнуўся да вакна і так — спіною да Лістапада — абазваўся:

— У нашым павеце адчыняць беларускія школы людзі не хочуць.

― Як гэта… не хочуць?! — І праз паўзу сподзіву: — Што ж з вясны ты тут робіш?..

― Я… — Абрамовіч выцягнуўся і зноў падышоў да стала. — Я працую на законную ўладу!

― Прыслужваеш! — Лістапад ускочыў, і іхнія позіркі сутыкнуліся.

― За такія словы я цябе… — Абрамовіч пацягнуўся да тэлефона, але ўбачыўшы, як наструніўся Юрка, адвёў руку.

― Прыслужваеш… І, відно, сумленне сваё за гэтыя галуны-пагоны аддаў!

― Вон!!! — пырснуў слінаю Абрамовіч, — а ні то… у пастарунку пыху сваю страціш! Вон!