Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 16

Алесь Пашкевіч

Яны пераехалі яшчэ адзін мост, пад якім сцішылася халодная змейка — рэчка Вясейка. Мінулі ўкруга абсаджаны магутнымі ліпамі панскі маёнтак (сам пан як з'ехаў пры бальшавіках, дык яшчэ і не паказваўся), і выбраліся ў гала — толькі злева сінела стужка лесу. Зноў маўчалі, любуючыся краявідам: сярод загарадкаў лесу чарнелі лапікі тлустай — хоць маж на скібку — зямлі, зелянелі яшчэ на тарфяных узболатках дзікія травы.

Вырашылі звярнуць у якую-небудзь вёску за ўзгоркам, але да яго не даехалі. Каля Белага дома (так і тут называлі былы пастаялы двор на Варшаўцы) сустрэлі гадоў васьмі малога — з торбай цераз плячо. Шлёпаючы разношанымі чаравікамі-вазюрамі, ён ужо збочыў з дарогі, як Лістапад, саскочыўшы з «аднавоські», паклікаў яго. Малы ўзбіў набакір аблавушку, спадылба падазрона агледзеў незнаёмцаў, але ўсё ж падышоў.

― Можа падкажаш, добры чалавеча, ці ёсць тут дзе паблізу школа?

― Ну ёсць, а што? — малы шмыгнуў носам.

― А дзе яна?

― Ды там унё, у Красным, праз поле… І вуньдзека, за Заломам — у Набушаве Янка Пашкевічаў вучыць…

― А сам часам ці не туды топаеш? — падаў голас і Алесь.

― Туды… А што? — малы зноў шмыгнуў носам.

― А нічога… Хочам з настаўнікам тваім пазнаёміцца, і, калі раптам вушы табе круціць, заступіцца. — Юрка па-сяброўску паляпаў малога па плечуку. — Сядай, паказвай дарогу…

― Ды не, дзядзька Янка харошы, ён і грошай не бярэ — не тое, што красніцкі. — У малога знікла ўся насцярожанасць, і за пяць хвілін, якія яны сунуліся па ўмерзлых ямах, Цімка (пазнаёміліся адразу) паспеў расказаць і пра заломскіх уюноў, што летам цэлымі торбамі насіў дадому («Вой і баялася іх малодшая сястра!»), і пра бомбу, якая навыварочвала арэшніку, і нават пра сябра Хведзьку — з ім яны злавілі былі вужа і доўга палохалі дзяўчат…

Залом — балотца, зарослае рабіннікам ды калінай, адметнае ўжо тым, што знаходзілася не ў нізіне-лагчыне, а на самым узгорку каля Варшаўкі. Вяскоўцы летам наразалі тут і сушылі торф, восенню жанкі збіралі каліну. Само ж Набушава — някідкае, невялікае — прылегла ўздоўж шляху, ад якога на паўвярсты аддзялялася сенажаццю. За вёскай, падступаючы да ўзбалоткаў, пачынаўся лес.

Укаціліся ў вулку — шырокую, з двума калодзежамі з пачатку і канца, з роўным плотам, дагледжанымі падворкамі.