Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 12

Алесь Пашкевіч

Беларускую мову і літаратуру выкладаў на курсах Янка Станкевіч, мовазнаўства — Браніслаў Тарашкевіч, геаграфію — Мікола Азбукін. Найбольш жа падабаліся Алесю лекцыі па гісторыі Беларусі Ўсевалада Ігнатоўскага. Усе — асабліва хлопцы — заварожана слухалі аповяды пра мінулае іхняй зямлі, мінулае, якое перагуквалася з рэчаіснасцю: войны — здзекі — войны…

«У 1492 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандр Ягайлавіч, Іван ІІІ Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую «вотчыну», якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі… У чэрвені адбылася страшэнная бойка недалёка ад гораду Дарагабужу… Яшчэ на працягу трох доўгіх гадоў маскоўскія войскі руйнуюць беларускія паселішчы. Удзень неба чарнее дымам, а ўноч цемра палае чырвоным агнём пажараў… У 1513 годзе зноў разгарэлася вайна. Маскоўская армія ўвайшла на Беларусь. Адна за другою адбываюцца бойкі пад Смаленскам і Воршаю. Пад Воршаю Астрожскі атрымаў дзве перамогі, не ўзіраючы на тое, што яго армія была меншаю ад маскоўскай у два разы. Ад Воршы ён гнаў маскалёў аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу… — Усевалад Макаравіч рабіў пярэрву, папраўляў на пераноссі акуляры з круглымі шкельцамі і падыходзіў да вакна, узіраўся ў прыцішаную вуліцу — толькі зрэдку грукацелі па ёй фурманкі — і, пакратаўшы сваё чорнае «татарскае» брыво, уздыхаў і працягваў: — З другога боку несла нам свой «уплыў» — культурны й рэлігійны — і Польшча… Забіты і загнаны, прыроўнены да быдла, народ наш забыў нават, якую мову і якую нацыянальнасць ён захаваў… Пан, каталік і паляк — з аднаго боку, мужык і «тутэйшы» — з другога, сталі для яго сынонімамі…»

Пасля лекцыі Ігнатоўскага яшчэ надоўга абступалі курсанты — кожнаму хацелася штось перапытаць і ўдакладніць. Ды аднойчы маланкай уляцела ў аўдыторыю турботная навіна: лекцыі не будзе, Ігнатоўскі занядужаў і знаходзіцца ў бальніцы…

Калі перад іхняй хатай прыпынілася фурманка і з яе выйшаў Ігнатоўскі, Алесь аталапанеў. Заўважыўшы маладога знаёмца, Усевалад Макаравіч усміхнуўся:

― Дабрыдзень васпану! А ці дома бацька?

― З дзяжурства сягоння, дома… Заходзьце, калі ласка. — Алесь ніякавата прыгладзіў, засаромеўшыся, віхрысты чуб і прачыніў дзверы ў хату.

Яцкевічы збіраліся палуднаваць. Бацька сядзеў за сталом, чытаў газэту. Таксама здзівіўся госцю — свайму нядаўняму пацыенту, якога ратаваў пасля моцнага атручвання (бацька нядаўна перавёўся з валасной у павятовую бальніцу).

Ігнатоўскі быў адмовіўся ад пачастунку, але калі пачуў, што згатаваны вясковыя крышані — бульбяны суп — прыставіў да стала табурэтку:

― Што ж, калі крышані — дык паспытаю.

Маці хуценька выставіла талеркі.

― Я, Хведар Дарафеевіч, не з адной падзякай да вас, — Ігнатоўскі ўзварушыў сваю бародку, зірнуў на Алеся: «І падобныя ж яны — сын і бацька: тыя ж блакітна-шэрыя вочы, густыя — «у аглобельку» — бровы, выразны нос, абодва рослыя, дужыя, плячыстыя», — паспеў падумаць, а ў голас мовіў: — Хочам вашага Алеся ў Менск прасіць…