Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 15

Алесь Пашкевіч

― Ну і поскудзь жа ты, — выходзячы, Юрка яшчэ раз зірнуў яму ў вочы, — ну і поскудзь. — І моцна бразнуў дзвярыма.

З сейфа зляцела і ўпала на падлогу фотакартка Пілсудскага. Абрамовіч сполашна нагнуўся, узяў, але на ранейшае месца не паставіў — ускінуў на стос старых газэт…

Адвячоркам Алесь прыйшоў у горад. Напачатку завітаў на кватэру Лабушаў — хацеў пабачыцца з Людай, але ні тае, ні сястры не было. І тады завярнуў да цэнтра — у гімназію, дзе маглі ладзіць сустрэчу «папараць- кветаўцы».

У вестыбюлі сустрэў толькі Бараноўскага з высокім незнаёмцам.

― Вітай — Юрка Лістапад, накіраваны да нас Школьнай радаю для арганізацыі беларускіх школак. — Андрэй навідавок быў стомленым.

― Алесь… Алесь Яцкевіч, — ён парукаўся з абодвума і, зірнуўшы на Андрэя, спытаў: — Што-небудзь кепскае?

― Ды вось… Чалавек па справе першы дзень у Слуцку, а яго з раніцы пратрымалі ў пастарунку… За агітатара-бальшавіка, бачыце, прынялі. Асьвяцімскі, дзякуй, дапамог. А ты што такі ўзбуджаны прышыбаваў?

Алесь хацеў спачатку спытаць сябра пра Люду — можа, дзе бачыў, але ў час стрымаўся, вінавацячы сябе за мяккацелую неабдуманасць: што б падумаў пра яго Лістапад — гэты асілак з прыгожым тварам, мужным зводам броў і сумным позіркам?! І таму прабасіў сур'ёзна:

― У Менск мушу тэрмінова ад'язджаць, на працу…

― Куды? — разгублена перапытаў Андрэй.

― Ігнатоўскі ў тую ж Школьную раду запрасіў…

― На табе… Мы тут адзін да аднаго, тут работы непачаты край, а ён у Менск бяжыць. — Андрэй усміхнуўся, нібы яшчэ не верачы пачутаму.

― Ды не бягу я. Мне б падвучыцца трохі… Пісаць я хачу. Там жа і кніг паболей, і пісьменнікаў шмат сабралася.

― Пісаць?.. — сябар хацеў абурыцца, але яго нечакана абарваў Лістапад:

― Што наваліўся? Хай і сапраўды з'ездзіць падвучыцца. Ды і работу ж адну — ці тут, ці там — робім. І хіба кепска, што ў сталіцы больш нашых слуцакоў будзе? Вось толькі — як на маё — не гожа туды пустым ехаць… — Лістапад перахапіў неўразумелыя погляды абодвух і, устапырыўшы пышную чупрыну, дадаў: — У Школьнай радзе цяпер мала ведаюць пра сітуацыю з беларускім школьніцтвам на месцах. За тры дні я ўжо абышоў некалькі вёсак поўначы павета, а на ўсходзе — за Падзерам і Вясеяй — яшчэ не быў. Можа цябе, калі ахвота, і напрашу ў спадарожнікі?

― Чаму ж не… Заўтра можам і з'ездзіць. — Алесь убачыў, як ажывіўся Лістапад, як недаверлівая хмурасць сышла з жытнёвых брывін Андрэя.

Яны яшчэ крыху пагаварылі і разышліся. Люды Алесь так і не пабачыў і злаваўся на сябе, што столькі часу не абзываўся. Штось пякуча знібела ўнутры, праз тое ўсю ноч круціўся, доўга не мог заснуць.

А раніцай выпрасіў у бацькі каня і аднавоську ды, як і дамовіліся, сустрэўся з Лістападам на кватэры Бараноўскага, у якога той застаўся начаваць.

Вулкі Слуцаку мінулі моўчкі, і толькі за рэчкаю, за вярсты дзве ад горада, разгаварыліся: Алесь — пра сябе і сяброў, Юры — пра менскія справы.

Дарога, якой ехалі, здаўна звалася Кацярынскай або Варшаўкай. Імператрыца выбіралася гэтым шляхам з Пецярбурга ў Варшаву (праз Бабруйск, Слуцак, Ляхавічы), — як расказвалі, да каханка. Праз дваццаць-трыццаць кіламетраў і цяпер яшчэ пазаставаліся каменныя пастаялыя двары, стайні, пафарбаваныя ў белы колер — у дамкі заходзілі пагрэцца, падсілкавацца, здаралася, і начавалі нават; на «станцыях» мянялі стомленых коней. Па ўсёй імперыі гэта была, бадай, адна дарога, якую належна ўтрымлівалі. Яна не мела паваротаў амаль да Амухавічаў. Да вайны і рэвалюцый раз на суткі па ёй правозілі пошту. Яшчэ за іхняй памяццю з Ляхавічаў на Слуцак і далей хадзілі старасвецкія «дыліжансы», запрэжаныя чацверыком коней. З Менскам Слуцак злучаў сціплейшы гасцінец, у разводдзе правезці цяжкае па ім было немагчыма — гасцінец раскісаў, мякчэў. Але ў сушэйшы час па такіх дарогах ездзілі ахватней, асабліва ўлегцы: і не трасе (бо камянёў не насыпана), і каню лацвей ступаць, і калёсы не б'юцца…