Читать «80000 кіламетраў пад вадой» онлайн - страница 5
Жуль Верн
Таксама была пакінута гіпотэза аб блукаючым корпусе затануўшага гіганцкага карабля, таму што яна не магла растлумачыць хуткасць руху «страшыдлы».
Заставаліся такім чынам толькі два праўдападобныя рашэнні задачы: або «страшыдла» было велізарнай жывёлай, або падводным караблём з незвычайна магутнай машынай.
Гэтае астатняе меркаванне, фактычна самае праўдападобнае, рассеялася ў пыл пасля следства, якое зрабілі ў Еўропе і Амерыцы. Немагчыма было сабе ўявіць, каб такі падводны карабель належаў прыватнай асобе: яго трэба было будаваць, а як магла захавацца ў сакрэце такая гіганцкая пабудова?
Толькі якая-небудзь дзяржава магла стварыць машыну такой страшнай руйнавальнай сілы. У нашы сумныя часы, калі чалавецтва завастрыла ўвагу на вынаходстве ўсё новых і ўсё больш смяротных прылад для руйнавання, лёгка было дапусціць, што якая-небудзь дзяржава, употайку ад усіх астатніх, збудавала і выпрабоўвае на практыцы такі баявы карабель.
Але гіпотэза аб ваенным караблі адпала, бо ўсе ўрады адзін за другім заявілі, што яны нічога агульнага не маюць з гэтымі падзеямі. А як «страшыдла» пагражала міжнародным трансакіянскім зносінам, то не прыходзілася сумнявацца ў праўдзівасці ўрадавых заяў. Апрача таго, нельга было сабе ўявіць, каб такі вялізны карабель будаваўся ў глыбокай тайне. Калі цяжка захаваць тайну ў такіх умовах і прыватнай асобе, дык дзяржаве, за кожным крокам якое пільна сочаць зайздросныя краіны, гэта тым больш немагчыма.
Такім чынам, пасля таго як запыталіся ў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі, Амерыкі і нават Турцыі, меркаванне пра падводны крэйсер канчаткова адпала.
На паверхню вады, не гледзячы на высмейванне бульварнай прэсы, зноў усплыла страшэнная жывёла, і ўзбуджанае ўяўленне пачало выклікаць адну за другою самыя фантастычныя іхтыёлагічныя гіпотэзы.
У Нью-Ёрку многія прасілі мяне выказаць свае меркаванні па хвалюючаму ўсіх пытанню.
У свой час у Францыі я выдаў двухтомную працу, якая называлася «Тайны марскога дна». Гэтая кніга, сустрэўшы добры прыём у вучоным свеце, давала мне права лічыцца спецыялістам у гэтай малавывучанай галіне прыродазнаўства.
Мяне пачалі настойліва прасіць, каб я выказаўся. Я ўхіляўся ўсялякімі спосабамі, але, прыціснуты да сцяны надакучлівымі рэпарцёрамі «Нью-Ёркскага весніка», прымушаны быў нарэшце даць абяцанне падзяліцца з грамадствам сваімі думкамі па гэтаму пытанню.
І вось 30 красавіка ў газеце з’явіўся грунтоўны артыкул «шаноўнага прафесара П’ера Аранакса», які разглядаў пытанне аб «страшыдле» з усіх бакоў і даваў навуковую ацэнку ўсіх вядомых фактаў. Вось вытрымка з гэтага артыкула:
«Такім чынам — пісаў я, разгледзеўшы адну за другой усе высунутыя гіпотэзы, — не маючы іншага, вытрымліваючага крытыку дапушчэння, мы вымушаны дапусціць, што „страшыдла“ не што іншае, як марская жывёла надзвычайнай сілы.
Жыццё вялікіх глыбінь акіяна нам зусім невядомае. Ніводзін зонд іх яшчэ не дасягаў. Што робіцца ў гэтых бяздонных прорвах? Якія істоты жывуць, якія істоты могуць жыць на глыбіні дванаццаць-пятнаццаць тысяч метраў пад узроўнем мора? Які арганізм павінен быць у гэтых істот? Пра гэта нават цяжка меркаваць.