Читать «80000 кіламетраў пад вадой» онлайн - страница 3
Жуль Верн
Ноччу напярэдадні 5 сакавіка 1867 года параход «Маравія», які належаў «Montreal Ocean Company» пад 27°30´ шыраты і 72°15´ даўгаты напароўся на скалу, не адзначаную ні на якіх картах. «Маравія», дзякуючы папутнаму ветру і чатырохсотсільнай машыне, ішла з хуткасцю трынаццаць вузлоў. Каб корпус судна не быў такім моцным, пры такой хуткасці дно адразу затанула-б ад штуршка, цягнучы на дно сваіх дзвесце трыццаць сем чалавек пасажыраў і каманды.
Сутычка адбылася ў пяць гадзін раніцы. Занімалася толькі што на дзень. Вахценныя афіцэры кінуліся да бартоў. Яны агледзелі паверхню акіяна з вялізарнейшай увагай, але не заўважылі нічога падазронага, калі не лічыць вялікай хвалі, узнятай нібыта магутным грэбным вінтом у трох кабельтовах адлегласці. Адзначыўшы дакладныя каардынаты мясцовасці, «Маравія» прадаўжала свой шлях. Знадворных адзнак аварыі не было выяўлена, і камандны склад парахода дарэмна ламаў сабе голаў над пытаннем, ці наткнуліся яны па падводны рыф, ці на якое-небудзь затануўшае судна. Пасля прыходу ў порт, у сухім доку было ўстаноўлена, што частка кіля «Маравіі» разбіта.
Гэтае дзіўнае здарэнне, мабыць, хутка было-б забыта, як і многа іншых, каб праз тры тыдні яно не паўтарылася ў такіх-жа ўмовах. Толькі на гэты раз, дзякуючы таму, што ў даным выпадку пацярпеўшае судна належала сусветна вядомаму параходнаму таварыству, выпадак стаў шырока вядомы і выклікаў водгукі ўсяго свету.
Мусіць, усім вядома імя англійскага судаўласніка Кюнарда, чые параходы першымі пачалі падтрымліваць рэгулярныя зносіны паміж Еўропай і Амерыкай. За дваццаць сем гадоў існавання параходства судны «Cunard Line» перасеклі Атлантычны акіян, больш як дзве тысячы разоў, ні разу за ўвесь час не спазніўшыся, ні разу не адмяніўшы рэйсаў, ні разу не згубіўшы пісьма з даверанай ім пошты. Аўтарытэт кюнардаўскага параходства быў настолькі моцны, што яно зусім не баялася канкурэнцыі. Тым больш разышліся чуткі пра здарэнне з адным з лепшых параходаў кампаніі.
13 красавіка 1867 года, пры зусім гладкім моры і лёгкім ветрыку, «Шатландыя» была пад 15°12´ шыраты і 45°37´ даўгаты. Тысячасільная машына давала параходу хуткасць трынаццаць вузлоў і сорак тры сотых.
Колы «Шатландыі» рассякалі воды размерана, як гадзіннікавы маятнік.
У 4 гадзіны 17 хвілін, у той час, калі пасажыры пілі чай у вялікім зале, «Шатландыя» злёгку ўздрыганулася ад ледзь прыкметнага ўдару ў правы борт, крыху ззаду ад кола.
Удар быў да таго слабым, што ніхто на палубе не звярнуў-бы на яго ўвагі, каб з трума не данесліся крыкі:
— Мы топімся! Мы топімся!
Пасажыры, натуральна, перапалохаліся. Але капітан Андэрсан паспяшаўся супакоіць іх. Сапраўды, адна прабоіна не магла пагражаць небяспекаю «Шатландыі», падзеленай непрапускаючымі вады перагародкамі на сем адсекаў.
Капітан Андэрсан адразу-ж апусціўся ў трум. Ён устанавіў, што пяты адсек заліты вадою і, мяркуючы па хуткасці, з якою прыбывала вада, прабоіна ў борце павінна быць вельмі значная. На шчасце ў гэтым адсеку не было топак паравых катлоў, якія вядома адразу згаслі-б.