Читать «80000 кіламетраў пад вадой» онлайн - страница 6
Жуль Верн
Рашэнне пастаўленай перада мной задачы можа быць двоістым: або нам вядомы ўсё насяляючыя зямлю істоты, або толькі некаторая частка іх.
Калі мы ведаем не ўсіх істот, засяляючых нашу планету, калі прырода хавае яшчэ ад нас тайны, асабліва ў галіне іхтыялогіі, — няма ніякіх падстаў не дапускаць існаванне рыб, або марскіх сысуновых жывёл невядомых нам відаў, або нават родаў, з асобнай „глыбіннай“ канстытуцыяй, якія жывуць у недаступных даследванню наддонных пластах акіянаў і ў сілу нейкіх невядомых пертурбацый або без ніякай прычыны час ад часу з’яўляюцца на паверхні акіянаў.
Калі-ж, наадварот, мы ведаем усе віды жывых істот, тады трэба шукаць цікавячае нас „страшыдла“ сярод ужо класіфікаваных марскіх жывёл. У гэтым выпадку я схільны дапусціць існаванне гіганцкага нарвала.
Звычайны нарвал часта дасягае шасцідзесяці футаў у даўжыню. Упяцярыце, удзесяцярыце яго памер, надзяліце яго жывёльнаю сілай, адпаведнай яго велічыні, прапарцыянальна ўзмоцніце яго бівень і вы атрымаеце разгадку хвалюючай вас тайны. Гэтая жывёла будзе ўладаць памерамі, указанымі афіцэрамі „Ханаана“, біўнем, які можа зрабіць прабоіну такой самай велічыні, як у корпусе „Шатландыі“, і такой сілай, каб пусціць на дно акіянскі параход.
Сапраўды нарвал узброены своеасаблівым касцяным мячом, ці алебардай, як кажуць некаторыя натуралісты. Гэтая алебарда цвёрдая, як сталь. Такія алебарды часта знаходзілі застраўшымі ў целе кітоў, якіх нарвалы амаль заўсёды перамагаюць у барацьбе; такія алебарды ледзь выцягвалі з карпусоў драўляных караблёў, якія яны пранізвалі наскрозь — ад барта да барта Музей Парыжскага медычнага факультэта мае такую алебарду, даўжынёю ў два з паловаю метра і таўшчынёю ў аснове ў сорак восем сантыметраў.
Такім чынам уявім сабе нарвала, у дзесяць разоў большага, як звычайны, з удзесяцяронаю па велічыні алебардай, або біўнем, надзелім яго хуткасцю ў дваццаць марскіх міль у гадзіну, перамножым яго масу на хуткасць руху — і вас не здзівіць, што сутычка з ім скончыцца катастрофай для кожнага судна. Я канчаю: пакуль не паступяць больш дакладныя весткі, я буду лічыць гэтае „страшыдла“ гіганцкім нарвалам, узброеным не простай алебардай, а сапраўдным таранам, як броненосны фрэгат, і надзеленым не меншай як у фрэгата масай і сілай!
Так і толькі так можна вытлумачыць гэтую незразумелую з’яву, у тым выпадку… калі яна сапраўды існуе. А гэта яшчэ патрабуе праверкі».
Гэты апошні сказ быў прадыктаваны трусасцю: мне хацелася захаваць свой аўтарытэт вучонага і не даць поваду для высмейвання амерыканцам, якія любяць і ўмеюць насмяяцца. Я падрыхтаваў сабе такім чынам лазейку, але ў глыбіні душы я не сумняваўся ў існаванні «страшыдлы».
Мой артыкул выклікаў гарачыя водгукі і стаў шырока вядомым, ён нават сабраў некаторую колькасць прыхільнікаў. Прапанаванае ў ім рашэнне загадкі давала значны матэрыял для фантазіі. Людзі любяць марыць аб незвычайным. Мора-ж акурат з’яўляецца тым адзіным асяроддзем, дзе сапраўды існуюць умовы для развіцця гіганцкіх істот, у параўнанні з якімі зямныя волаты — сланы і насарогі — здаюцца пігмеямі. У марской вадзе жывуць самыя буйныя прадстаўнікі сысуновых, як напрыклад кіты. Чаму-ж нельга думаць, што там водзяцца гіганцкія малюскі, страшэнныя ракападобныя — амары даўжынёю ў сто метраў — або крабы, якія важаць па дзвесце тон? Бо ў часы ранніх геалагічных эпох чацвераногія і чацверарукія птушкі і гады дасягалі каласальных памераў, і толькі праз дзясяткі, сотні тысячагоддзяў яны паменшыліся да сучасных памераў. Але чаму-б у моры, склад якога не ва ўсе часы заставаўся нязменным, у той час, як зямная кара безупынна відазмяняецца, не маглі захавацца прадстаўнікі жывёльнага свету даўніх часоў жыцця на зямлі? Чаму-б мору не захаваць у сваіх таямніцах апошнія разнавіднасці гэтых гіганцкіх першабытных істот, для якіх гадамі жыцця служаць нашы стагоддзі?