Читать «80000 кіламетраў пад вадой» онлайн - страница 7

Жуль Верн

Але я захапіўся марамі, а гэта падыходзіць да мяне менш, як да каго-небудзь іншага.

Паўтараю, прырода гэтай надзвычайнай з’явы не выклікала больш спрэчак, і грамадства прызнала існаванне нейкай велізарнай жывёлы, якая не мае нічога агульнага з казачнымі марскімі змеямі.

Але калі для некаторых гэта было адцягненым пытаннем, маючым толькі навуковую цікаваць, то для іншых, людзей больш практычных, асабліва для англічан і амерыканцаў, зацікаўленых у бяспецы трансакіянскіх зносін, ясна вызначылася задача ачысціць акіян ад гэтага небяспечнага страшыдла.

Фінансавы і камерцыйны друк займаўся цяпер пытаннем аб страшыдле толькі з гэтага пункту гледжання. «Марскі агляд», «Газета Лойда», «Пакетбот», «Shipping and Mercantile gazette» — усе гэтыя друкаваныя органы страхавых таварыстваў, якім пагражалі вялікія страты, аднадушна патрабавалі бязлітаснай вайны супроць страшыдла.

Грамадская думка, і ў першую чаргу паўночнаамерыканская, была на баку газет. У Нью-Ёрку пачалі рыхтаваць экспедыцыю для палявання на нарвала. Быстраходны фрэгат «Аўраам Лінкальн» паспешна пачалі рыхтаваць у дарогу. Дзверы арсеналаў былі шырока адчынены перад камандзірам фрэгата, капітанам Фарагутам, які з усіх сіл стараўся паскорыць дзень адплыцця. Але, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, як толькі было прынята рашэнне аб праследванні страшыдла, яно перастала паказвацца. На працягу двух месяцаў ніхто нічога не чуў пра яго. Ніводзін карабель не сустрэў яго. Можна было падумаць, што нарвал пачуў, што супроць яго рыхтуюць паход. Пра гэта-ж так многа гаварылі па трансатлантычнаму падводнаму караблю! Жартаўнікі казалі, што хітры нарвал перахапіў якую-небудзь з шматлікіх тэлеграм і пастараўся загадзя дзе-небудзь схавацца.

Такім чынам, калі фрэгат быў гатоў у дарогу і абсталяваны ўсімі прыладамі для незвычайнай лоўлі, ніхто не ведаў, куды яму трэба накіроўвацца.

Усеагульная нецярплівасць дасягнула свайго вышэйшага пункта, калі 2 ліпеня пайшлі чуткі, што параход, які робіць рэйсы між Сан-Францыска і Шанхаем, сустрэў жывёлу каля трох тыдняў назад у паўночнай частцы Ціхага акіяна.