Читать «80000 кіламетраў пад вадой» онлайн - страница 2
Жуль Верн
Гэтыя паведамленні і весткі, якія паступалі адно за другім аб тым, што трансатлантычны параход «Перэйра» таксама назіраў страшыдла, што карабель «Этно» нават сутыкнуўся з ім, нарэшце пратакол, складзены афіцэрамі французскага фрэгата «Нармандыя», і дакладная справаздача, якая паступіла ў англійскае адміралцейства ад камандзіра судна «Лорд Клайд» Фітц-Джэмса, — усё гэта надзвычайна ўстрывожыла грамадскую думку. У некаторых краінах з феномена толькі смяяліся, але ў сур’ёзных дзяржавах — у Англіі, Амерыцы і Германіі — ім дужа зацікавіліся.
Ва ўсіх буйных цэнтрах «страшыдла» зрабілася моднай тэмаю для гутарак. Пра яго спявалі песні з эстрад, карыкатуры на яго змяшчаліся ў газетах, п’есы аб ім ставілі ў тэатрах. Ва ўсіх газетах з’явіліся малюнкі выдуманых і сапраўды гіганцкіх істот, якія існавалі — ад страшнага белага кіта прыпалярных вод да фантастычных васьміногаў, якія нібы могуць ахапіць сваімі шчупальцамі пяцісоттонны карабель і зацягнуць яго на марское дно. З архіваў паспешна выцягваліся старадаўнія дакументы, сведчанні даўніх — Арыстотэля, Плінія — якія дапускалі магчымасць існавання марскіх страшыдлаў, апавяданні нарвежскіх маракоў, запісаныя біскупам Понтапідана, паведамленні Паўля Гегеды і, нарэшце, невыклікаючыя сумлення паказанні Харынгтона аб убачанай ім у 1857 годзе нечуваных памераў марской змяі.
Тады ў вучоных колах, у навуковых журналах разгарэліся бясконцыя спрэчкі паміж тымі хто верыў і няверыў. Пытанне аб «страшыдле» займала ўсіх. Патокі чарніла былі разліты ў часе гэтых памятных спрэчак.
На працягу шасці месяцаў барацьба ішла з пераменным поспехам. Бульварны друк падняў на смех артыкулы ў «Бюлетэні Бразіліянскага геаграфічнага інстытута», у «Аналах Берлінскай акадэміі навук», у журнале Смітаўскага інстытута ў Вашынгтоне, здзекваўся з дыскусіі паважаных «The Indian Archipelago» і «Mittheilungen» Петэрмана, з нататак у хроніках лепшых навуковых журналаў Еўропы. Дасціпныя журналісты, скажаючы вядомы сказ Лінея прыведзены кімсьці з супрацоўнікаў «страшыдлы» — «Прырода не стварае дурняў» — угаворвалі вучоных не крыўдзіць прыроду, прыпісваючы ёй стварэнне такіх бескарысных гігантаў, якія могуць існаваць толькі ва ўяўленні п’яных маракоў. Нарэшце папулярны сатырычны журнал пяром вядомага пісьменніка атакаваў «страшыдла» з такім непаўторным гумарам, што пад агульны смех абаронцы яго прымушаны былі адступіць. Так дасціпнасць перамагла навуку.
У першыя месяцы 1867 года пытанне аб «страшыдле» здавалася назаўсёды пахаваным. Але тут новыя факты дайшлі да ведама чытацкай публікі. Справа ўжо ішла не аб адцягненай навуковай праблеме, а аб барацьбе з сур’ёзнаю і зусім рэальнаю небяспекай. Пытанне паўстала ў новым асвятленні. «Страшыдла» зноў зрабілася астраўком, скалою, рыфам, але рухаючымся рыфам, няўлоўным, загадкавым.